ЗША і ЕС: Мы будзем далей падтрымліваць развіццё дэмакратыі ў Беларусі

ЗША і Еўрасаюз асуджаюць меры афіцыйнага Мінску ў дачыненні да дыпламатычных місій у Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве па выніках двухбаковага саміту ў аўторак у славенскім горадзе Брдо. Нагадаем, што Дзярждэпартамент неаднаразова казаў, пра аднолькавасць пазіцыі ЗША і Еўрасаюзу ў дачыненні да Беларусі. Гэтая пазіцыя знайшла сваё пацвярджэнне ў агульнай заяве на саміце ЗША—Еўрасаюз.

ЗША і ЕС заклікалі ўлады Беларусі без якіх-небудзь умоваў і неадкладна вызваліць усіх палітычных вязняў. На думку Вашынгтона і Брусэля, менавіта беларускае кіраўніцтва нясе адказнасць за наяўныя парушэнні правоў чалавека.

"Мы будзем працягваць падтрымліваць развіццё дэмакратыі, вяршэнства закону і павагі да правоў чалавека ў Беларусі, Арменіі, Азербайдждане, Казахстане, Туркменістане, Таджыкістане, Узбекістане і Кыргызстане. Наконт Беларусі, мы будзем працягваць лічыць беларускія ўлады адказнымі за парушэнні правоў чалавека. Мы заклікаем беларускія ўлады безумоўна і неадкладна вызваліць усіх пазасталых палітычных вязняў. Мы асуджаем выкарыстанне гвалтоўных метадаў супраць дыпламатычных місіяў у Беларусі", — гаворыцца ў заяве.

Нагадаем, што ЗША і Еўрасаюз неаднаразова выступалі ў абарону правоў чалавека ў Беларусі. Асабліва актыўна дзейнічалі Злучаныя Штаты. Надзвычай абвастрылася сітуацыя пасля ўведзення амерыканскіх эканамічных санкцыяў супраць кануэрну "Белнафтахім". У адказ на пачатку гэтага года Беларусь скараціла штат амерыканскай амбасады спярша да 17, а потым да 5 чалавек і выслала амбасадара.

Фота з сайту Савета Еўропы

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі