ЗША і Іспанія перадаюць Украіне новыя зенітныя сістэмы
Avenger / military.com
ЗША і Іспанія аб'явілі ў чацвер, што адправяць Украіне новыя сістэмы супрацьпаветранай абароны і ракеты да іх. Дарадца Адміністрацыі прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы Джэйк Саліван заявіў, што Злучаныя Штаты аддадуць Украіне зенітныя ўстаноўкі Avenger — гэта зенітна-ракетны комплекс блізкага дзеяння. Колькі такіх установак будзе перададзена, пакуль не паведамляецца, піша "Бі-Бі-Сі".
Акрамя таго, па словах Саллівана, ЗША адправяць ва Украіну ракеты для установак Hawk. Дзве такія ўстаноўкі, у дадатак да двух ужо перададзеных паабяцала падарыць Іспанія. Hawk — гэта зенітная сістэма сярэдняй далёкасці: яе ракеты наносяць удары на адлегласці да 50 км і на вышыні да 20 км.
Акрамя зенітных установак, Іспанія перадасць Украіне батарэю гаўбіц, электрагенератары. Ужо перададзены 77 тысяч камплектаў зімовай формы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.