Зварот тысяч мінчукоў прыпыніў знішчэнне прыватнага сектару сталіцы

Тэмп зносу прыватных дамоў у Мінску запаволіцца. Пра гэта заявіў выконваючы абавязкі старшыні Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька. Паводле яго слоў, на сённяшні дзень у сталіцы маецца больш за 15 тысяч прыватных дамоў, якія займаюць па сваёй плошчы больш 25% тэрыторыі унутры кальцавой аўтамабільнай дарогі. Спачатку мінскімі ўладамі было прынята рашэнне максімальна вызваліць гэтую тэрыторыю ад індывідуальных дамоў і пабудаваць на гэтым месцы шматкватэрныя жылыя дамы. Аднак зварот грамадзян з просьбай прыпыніць знос дамоў унёс карэктывы ў гэтыя планы.  

Ладуцька: "Мы ўважліва прааналізавалі тыя звароты грамадзян, якія паступілі. Іх паступіла больш 8 тысяч. І мы прыйшлі да высновы, што на сучасным этапе можна прыняць ідэалогію змяшанай рэалізацыі забудовы і даць магчымасць грамадзянам на вызначаных тэрыторыях развіваць свае індывідуальныя жылыя дамы і карыстацца гэтай тэрыторыяй. Карыстацца ў поўным сэнсе гэтага слова".

Пры гэтым знос прыватных дамоў у Мінску працягнецца. Калі дом будзе падпадаць пад знос у бліжэйшыя 5-6 гадоў, то яго гаспадару будзе забаронена праводзіць капітальны рамонт у доме.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі