Зяленскі дапусціў спыненне агню пасля Вялікадня

Уладзімір Зяленскі

Уладзімір Зяленскі / Reuters

— Украіна будзе выконваць рэжым цішыні і будзе дзейнічаць выключна люстрана. Адсутнасць расійскіх удараў у небе, на зямлі і на моры азначае адсутнасць нашых адказаў, — заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў тэлеграме за чатыры гадзіны да пачатку "вялікоднага перамір’я", абвешчанага прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

Паводле яго слоў, ён абмеркаваў з галоўнакамандуючым УСУ Аляксандрам Сырскім парадак дзеянняў украінскіх падраздзяленняў ва ўмовах спынення агню.

Інфармацыя пра люстраны характар дзеянняў і магчымы працяг спынення агню і пасля Вялікадня была перададзена расійскаму боку, дадаў украінскі прэзідэнт.

Пуцін 9 красавіка загадаў спыніць агонь на 32 гадзіны — з 16:00 11 красавіка і да канца нядзелі. У той жа дзень Зяленскі заявіў, што "ў Расіі ёсць шанец не вяртацца да ўдараў і пасля Вялікадня".

У Крамлі адхілілі магчымасць перамір’я.

"Як мы неаднаразова казалі, і як казаў прэзідэнт Пуцін, мы хочам не перамір’я, мы хочам міру — трывалага, устойлівага міру", — заявіў прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў.

У 2025 годзе Расія таксама аб’яўляла "велікоднае перамір’е".

Буданаў заявіў пра "вялізны прагрэс" у перамовах з Расіяй

Кіраўнік офіса прэзідэнта Украіны Кірыла Буданаў у інтэрв’ю Bloomberg заявіў, што ўрэгуляванне вайны можа не заняць шмат часу. Паводле яго слоў, у перамовах Масквы і Кіева дасягнуты "вялізны прагрэс".

Па словах Буданава, расійскі бок, як і ўкраінскі, хоча спыніць вайну.

"Усе яны [расіяне. — Еўрарадыё] разумеюць, што вайна павінна скончыцца. Вось чаму яны і вядуць перамовы. Не думаю, што гэта зойме шмат часу", — сказаў палітык, які ўваходзіць у перамоўную дэлегацыю Украіны.

Буданаў адзначыў, што, у адрозненне ад Украіны, Расія фінансуе баявыя дзеянні за кошт уласных сродкаў: "Гэта велізарныя сумы — ужо трыльёны".

Паводле яго слоў, гэта адзін з фактараў, які падштурхоўвае Маскву да спынення вайны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.