Зянон Пазняк: цяперашняя "апазіцыя" ў Беларусі павінна знікнуць
Палітэмігрант, лідар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ у чарговы раз выказаўся пра палітычную сітуацыю ў нашай краіне.
Зянон Пазняк лічыць, што замест апазіцыі ў Беларусі павінен дзейнічаць вызвольны рух. Палітык адзначае, што "пры акупацыйным рэжыме і акупацыйнай дыктатуры, якая праводзіць антынацыянальную акупацыйную палітыку, не можа існаваць апазіцыі (у дэмакратычным значэнні гэтага паняцця)".
Пазняк нагадаў, што ў 1997 годзе ён прапанаваў стварыць Беларускі вызвольны рух на базе БНФ. Аднак, піша ён, у адказ "на перспектыву стварэння салідарнай нацыянальнай альтэрнатывы рэжыму" была створана структура, якую назвалі "апазіцыя". Паводле слоў палітыка, у яе ўвайшлі прагматыкі, камуністы і былыя функцыянеры Лукашэнкі, "якія аб`явілі сябе апазіцыянерамі".
Цяпер, лічыць Пазняк, прыйдуць "новыя людзі, бо ёсць ужо тыя, што думаюць па-новаму, не па-саўковаму, але па-свойму, па-беларуску", паведамляе БелаПАН.
Фота — bymedia.net