Зянон Пазьняк прэзентаваў у Варшаве 4 новыя кнігі
А таксама распавёў пра перспектывы Беларусі, яшчэ раз патлумачыў, чаму байкатуе выбары, а таксама выказаў сваю версію наконт смерці Алега Бябеніна.
Старшыня Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ Зянон Пазьняк прэзентаваў 9 верасня ў Варшаве 4 новыя кнігі.
“Першая
кніга называецца “Дэпутаты незалежнасці”, гэта кніга пра дэпутатаў
апазіцыі Беларускага Народнага Фронту ў Вярхоўным Савеце XII склікання.
Пра людзей, якія здабылі незалежнасць для Беларусі. У кніжцы ёсць
партрэты, біяграфіі і апісанне кожнага ўдзельніка. Акрамя таго ў ёй
змешчаны артыкулы майго аўтарства і аўтарства Сяргея Навумчыка пра
дзейнасць апазіцыі ў 1990-х гадах, пра барацьбу за беларускае
нацыянальнае войска, за беларускія грошы, грамадзянства. Гэтыя падзеі
цяпер замоўчваюцца рэжымам.
Друга кніга – гэта дэкларацыя “Першы крок да незалежнасці”, дзе апісаны падзеі прыняцця дэкларацыі.
І
яшчэ дзве кнігі, якія з’яўляюцца першым і другім томам канцэпцыі Новага
Беларускага Адраджэння. Першая называецца “Развагі”, другая – “Цяжкі
час”. Усяго будзе чатыры тамы. У іх сабрана шмат дакументаў, артыкулаў і
фатаграфій з 1990-х па 2002 год”, – распавёў прысутным Зянон Пазьняк.
Пасля прэзентацыі ён адказваў на пытанні пра перспектывы Беларусі:
“Наша
грамадства пачынае бачыць шкоднасць палітыкі Лукашэнкі і гэтыя
незадавальненні выльюцца ў грамадскія дзеянні і вылучаць новых людзей.
Ёсць новыя людзі, але яны яшчэ не праявілі сябе. Трэба верыць і
спадзявацца. Далейшыя крокі будуць тады, калі зменяцца адносіны
грамадства да рэжыму, і ўжо гэтыя адносіны крытычныя. Калі людзі пачнуць
пазбаўляцца страху, тады з'явяцца лідары, якія павядуць людзей”.
Таксама ён распавёў, чаму выступае за байкот прэзідэнцкіх выбараў:
“У
гэтых выбарах у нас канцэпцыя байкоту, паколькі іх выйграць немагчыма.
Падзеі могуць павярнуцца так, як не плануюць у Мінску і Маскве. Гэта
можа быць і плошча, але плошча можа быць рознай. Масы людзей больш не
будзе, яны не выйдуць. Але можа быць плошча з некалькіх соцень, дзе
палова будзе пераапранутых, палова з Масквы.
У
сітуацыі гэтай фальсіфікацыйнай машыны, калі людзі адлучаны ад уплыву ў
галасаванні, калі не магчыма ні кантраляваць, ні змяніць заканадаўства і
ўплываць на падлік галасоў – хаджэнне на выбары бессэнсоўная справа. У
тых выбарах, дзе не будзе ўдзельнічаць Лукашэнка, буду ўдзельнічаць я.
Выбары хутчэй за ўсе адбудуцца ў снежні, і Лукашэнка ў чацверты раз
зробіць сябе прэзідэнтам, і гэта адбудзецца пры дапамозе Масквы”.
Таксама Зянон Пазьняк выказаў сваё меркаванне па сітуацыі, якая склалася вакол гібелі журналіста Алега Бябеніна:
“Я
думаю, што гэта смерць ненатуральна, па тых звестках, якія паддаюцца
аналізу, не выходзіць, што гэты чалавек скончыў жыццё самагубствам. З
другога боку, ён не быў ані палітычным дзеячам, ані публічным
журналістам, які некага разаблачаў альбо камусьці залез у косці і таму
ўзнікае пытанне, чаму яго забілі. Ведаючы, як працуюць былыя савецкія
спецслужбы, цалкам можна дапусціць, што гэтая смерць была зроблена для
таго, каб абвастрыць становішча і на некага павесіць гэтую смерць.
Выглядае, што хацелі павесіць на Лукашэнку, а можа і наадварот, таму я
тут бачу подлую барацьбу спецслужбаў і з усходу і з захаду”.