Зянон Пазняк стварае часовы Нацыянальны ўрад Беларусі
Нацыянальны сакратарыят "Вольная Беларусь" паставіў задачу падрыхтаваць і стварыць часовы Нацыянальны ўрад Беларусі. Пра гэта паведамляецца на сайце Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ, якую ўзначальвае Зянон Пазняк.
У заяве гаворыцца, што цяперашнія падзеі пагражаюць суверэнітэту і нацыянальнаму існаванню Беларусі. "Вынішчэнне Беларусі стала вынікам сумарных дзеяньняў і рашэньняў Лукашэнкі, Пуціна і памылак замежных палітыкаў. Цяпер мы, беларусы ў Бацькаўшчыне і ва ўсім свеце, мусім выратаваць сваю краіну ад знішчэння", — адзначаецца ў дакуменце.
Аўтары дакумента заяўляюць, што часовы Нацыянальны ўрад павінен будзе ўзяць на сябе функцыю надзвычайнай улады падчас ліквідацыі рэжыму Лукашэнкі, у пэрыяд рэформаў і перамен.
Функцыю аргкамітэта часовага Нацыянальнага ўрада ўзяў на сябе нацыянальны сакратарыят "Вольная Беларусь". Гэтае аб'яднанне было створанае ў жніўня 2020 года. У яго ўваходзяць сем чалавек, якія знаходзяцца за мяжой Беларусі: Аляксандр Адамковіч, Юрый Беленькі, Віталь Зайка, Анатоль Міхнавец, Зянон Пазняк, Павел Усаў, Юрый Цехановіч.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.