15-гадовы Вадзім Данілюк размаляваў у Брэсце 41 дом

Крымінальную справу распачалі міліцыянты Брэста ў адносінах да падлетка, які за паўгода размаляваў графіці 41 дом у цэнтры горада. Як расказаў карэспандэнту “Еўрапейскага радыё” старшы інспектар упраўлення прафілактыкі абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў Сяргей Гаўрусік, затрымалі “мастака” выпадкова вечарам 21 красавіка. Ён называў сябе “бамбера 2SN”

Сяргей Гаўрусік: “Ён размалёўваў на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў сцяну будынка. У далейшым, па аднолькавым почырку, была ўстаноўлена дачыненне гэтага падлетка да размалёўкі яшчэ 40 будынкаў”.

15-гадовы Вадзім Данілюк патрапіў пад артыкул “Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці”. Кодэкс пачаў дзейнічаць з 1 сакавіка. Раней такое правапарушэнне каралася ў адміністрацыйным парадку. І гэтае пакаранне праваахоўнікі хочуць зрабіць паказальным.

Сяргей Гаўрусік: “Упершыню была распачатая крымінальная справа па артыкуле 341-ым “Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці”. Пакаранне па ім -- ад 30 да 50 базавых велічынь. Раней падлеткі неслі адказвалі за графіці па артыкуле “дробнае хуліганства”. Таму на гэтым выпадку мы хацелі паведаміць непаўналетнім, што за такія дзеянні можа быць прызначанае крымінальнае пакаранне”.

Майстар жыллёвага рамонтна-эксплуатацыйнага ўпраўлення Брэста Сяргей Галадзюк скардзіцца, што графіці сталі сапраўдным пракляццем.

Сяргей Галадзюк: “Сёння мы зафарбоўваем фасады, рыхтуемся да 9-га мая. Заўтра ўстанем а 7-й раніцы, будзем аб’язджаць горад – і ўсё зноўку будзе размалявана”.

Майстар камунальнікаў сцвярджае, што адводзіць спецыяльныя пляцоўкі пад графіці бессэнсоўна. Намаляваць свой логін там, дзе гэтага рабіць нельга, -- іх сродак самазацвердзіцца. А па такіх логінах можна прыблізна падлічыць колькі падлеткаў займаецца графічным “мастацтвам”.

Сяргей Галадзюк: “Усё залежыць ад вакацыяў, ад колькасці падлеткаў, якія сёння знаходзяцца ў горадзе. Але па нашых падліках, такіх “мастакоў” у нас не менш як 20-25 чалавек”.

Летась за нанясенне графіці на сцены будынкаў у Брэсце былі затрыманыя і аштрафаваныя 35 падлеткаў. Бацькі Вадзіма пагадзіліся аплаціць выдаткі камунальнікаў на прывядзенне будынкаў у належны стан. Сума, па падліках майстра ЖРЭУ Сяргея Галадзюка, складзе 907 тысяч 560 рублёў. Бацькі пачалі ўжо выплочваць грошы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі