26 ліпеня ў працы чатырох беларускіх банкаў адбыўся маштабны збой
"Банк БелВЭБ" / www.belmir.by
Маштабны збой адбыўся ў працы чатырох беларускіх банкаў 26 ліпеня. Кліенты "Ідэя Банка", "Тэхнабанка" і "РРБ Банка" не маглі расплаціцца банкаўскімі картамі, не працавалі сістэмы дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання. А ў "Банка БелВЭБ", акрамя таго, на працягу некалькіх гадзін не працавалі сайт і кол-цэнтр.
На збоі ў працы банкаў звярнулі ўвагу карыстальнікі TUT.by. "Незразумела па якіх прычынах перастаў працаваць сайт Банка БелВЭБ, тэлефоны таксама не працуюць", — паведаміў адзін з чытачоў. У сацсетках былі і іншыя аналагічныя паведамленні.
На сайце банка апоўдні з'явілася паведамленне:
"Паважаныя кліенты, па тэхнічных прычынах назіраюцца перабоі ў працы банкаўскіх карт, а таксама сістэм дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання. Таксама праца кантакт-цэнтра часова прыпыненая.
Прыносім свае прабачэнні.
Аб аднаўленні поўнай працаздольнасці праінфармуем вас дадаткова".
Да 16:00 праца сэрвісаў банка была адноўленая.
З перабоямі 26 ліпеня працавалі яшчэ тры банкі: "Ідэя Банк", "Тэхнабанк" і "РРБ Банк". Усе яны патлумачылі праблемы збоем у працы працэсінгавага цэнтра. Усе чатыры банка абслугоўваюцца ў адным працэсінгавым цэнтры.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.