Абвяшчэнне прысуду братам Навальным перанесенае з 15 студзеня на 30 снежня
Прычынаў такога пераносу Замаскварэцкі суд Масквы не патлумачыў.
Прысуд братам Аляксею і Алегу Навальным па справе "Іў Рашэ" суд абвесціць не 15 студзеня, як планавалася, а 30 снежня, у дзевяць раніцы. Па словах адваката Навальнага Вадзіма Кобзева, сакратар Замаскварэцкага суда не патлумачыла прычын такога рашэння.
Апазіцыянер Аляксей Навальны і яго адвакат даведаліся пра судовы перанос толькі сёння, 29 снежня. Адвакат Вадзім Кобзеў адзначыў, што перанос даты абвяшчэння прысуду не рэгулюецца ніякімі падзаконнымі актамі. Па яго словах, якія перадае РБК, ніколі такога не было, каб абвяшчэнне прысуду пераносілася на больш раннія тэрміны.
У фэйсбуку ўжо з'явілася група, удзельнікі якой збіраюцца ўвечары 30 снежня прыйсці на так званы "народны сход" і абмеркаваць прысуд братам Навальным.
Следства лічыць, што браты Навальныя захапілі больш за 31 млн расійскіх рублёў у кампаній "Іў Рашэ Усход" і МПМ. 19 снежня пракуратура папрасіла для апазіцыянера Аляксея Навальнага 10 гадоў пазбаўлення волі па справе "Іў Рашэ", а для яго брата Алега — восем. Адразу ж пасля гэтага ў сацыяльных сетках пачалі з'яўляцца заклікі да арганізацыі "народнага сходу" ў дзень абвяшчэння прысуду — 15 студзеня.
Фота — AFP