На пахаванні Навальнага ў Маскве скандавалі "Пуцін — забойца" і "Не вайне!"
Тысячы людзей прыйшлі развітацца з Аляксеем Навальным
У пятніцу на Барысаўскіх могілках у Маскве пахавалі палітвязня Аляксея Навальнага, які загінуў у калоніі ў РФ. З ім прыйшлі развітацца тысячы людзей. Нягледзячы на прысутнасць шматлікіх сілавікоў, на пахаванні скандавалі "Пуцін — забойца", "Не вайне!", "Навальны — герой Расіі" і "Расія будзе свабоднай".
Чарга да царквы, дзе адбывалася адпяванне Аляксея Навальнага, расцягнулася на некалькі кіламетраў. Пасля тысячы чалавек пайшлі на могілкі. Труну апусцілі ў магілу пад музыку песні My Way Фрэнка Сінатры і мелодыю з фільма "Тэрмінатар" (Навальны любіў гэты фільм).
На пахаванні былі бацькі Навальнага, а яго ўдава Юлія і дзеці з меркаванняў бяспекі ў Расію не прыехалі. Раней Юлія Навальная абвінаваціла Уладзіміра Пуціна ў забойстве мужа. Таму яе маглі ў РФ затрымаць.
Аляксей Навальны — вядомы палітычны апанент Пуціна. У 2020-м яго атруцілі ў Расіі, пасля чаго апазіцыянер быў у стане комы. Пасля лячэння і рэабілітацыі ў Германіі Навальны ў 2021 годзе вярнуўся ў Маскву, ведаючы, што яго могуць арыштаваць (што і адбылося ўжо ў аэрапорце). У 2022-м яму прысудзілі 9 гадоў калоніі, а ў 2023-м дадалі яшчэ 19 гадоў. Яго 27 разоў адпраўлялі ў штрафны ізалятар. Пра смерць Навальнага ў калоніі афіцыйна паведамілі 16 лютага. Яму было 47 гадоў.
Расійскія сілавікі патрабавалі, каб маці Аляксея Навальнага таемна пахавала сына без развітання.
1 сакавіка затрыманні прайшлі ў амаль двух дзясятках гарадоў Расіі, па няпоўных даных былі схопленыя больш за сотню чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.