Лукашэнка не патрэбны, Еўропе ёсць праз каго размаўляць з Пуціным. Меркаванне Фрыдмана

Намаганні Лукашэнкі ўклініцца ў перамовы паміж ЕС і Расіяй марныя?

Намаганні Лукашэнкі ўклініцца ў перамовы паміж ЕС і Расіяй марныя? / LookByMedia

— Калі існуюць людзі, якія маюць асабістыя і даўнія адносіны з Пуціным, то ўзнікае пытанне, навошта дадаткова рабіць стаўку менавіта на Лукашэнку, — задаецца пытаннем гісторык Аляксандр Фрыдман у эфіры Еўрарадыё.

Што азначае тэлефонны званок прэзідэнта Францыі Макрона Лукашэнку? Каб выкарыстаць яго як крыніцу інфармацыі пра Пуціна? На гэтую тэму разважае аглядальнік Аляксандр Фрыдман.

— Гэтая версія здаецца мне цалкам лагічнай. Але я не бачу тут нейкіх асабліва значных вынікаў.

Калі паглядзець на амерыканскі досвед, цяжка сказаць, што ён быў надзвычай паспяховым. Шчыра кажучы, я не ведаю, якую сапраўды каштоўную інфармацыю пра Пуціна амерыканцы маглі атрымаць ад Лукашэнкі. Не вельмі зразумела і тое, наколькі актыўна яны выкарыстоўвалі яго як канал сувязі.

Калі мы паглядзім на развіццё беларуска-амерыканскіх адносін апошняга часу, то відавочна, што ўсё пачыналася ў кантэксце ўкраінскай тэмы. І гэта невыпадкова. Дастаткова ўзгадаць адзін з ключавых этапаў — візіт генерала Келага.

На той момант Келаг адказваў за ўкраінскі кірунак, а Джон Коўл, які сёння з'яўляецца спецыяльным прадстаўніком Трампа па Беларусі, быў яго намеснікам. Таму, калі гэтым кірункам займаўся Келаг, галоўны акцэнт сапраўды рабіўся на Украіне.

З амерыканскага пункту гледжання Лукашэнка разглядаўся як чалавек, які мае прамы доступ да Масквы і можа быць карысным у перамоўных працэсах.

Але калі паглядзець на цяперашні этап беларуска-амерыканскіх адносін, асабліва пасля таго, як Келаг адышоў ад гэтай тэмы, а Коўл стаў спецыяльным прадстаўніком, то мы бачым ужо некалькі іншую карціну. Цяпер гаворка ўсё больш ідзе пра двухбаковыя адносіны, эканамічныя пытанні, магчымыя дамоўленасці і іншыя практычныя тэмы.

У мяне складваецца ўражанне, што сёння амерыканцы ўжо не разглядаюць Лукашэнку як настолькі важны канал сувязі з Масквой, як гэта было яшчэ год таму. Магчыма, гэты канал проста не апраўдаў чаканняў, — лічыць Фрыдман.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.