Расійскія сілавікі патрабуюць, каб маці Навальнага таемна пахавала сына

Рэжым Уладзіміра Пуціна хоча "ціха" пахаваць Аляксея Навальнага

Рэжым Уладзіміра Пуціна хоча "ціха" пахаваць Аляксея Навальнага / Reuters

Расійскія сілавікі патрабуюць, каб маці Аляксея Навальнага таемна пахавала сына, без развітання. Пра гэта Людміла Навальная распавяла ў чарговым відэазвароце. Паводле яе слоў, ёй нарэшце паказалі цела Аляксея. Але не аддаюць яго. Следчыя гавораць, што калі маці не пагодзіцца на іх умовы, з целам "нешта зробяць". А следчы Варапаеў сказаў, што "час працуе не на вас, труп раскладаецца".

"Яны шантажуюць мяне, ставяць мне ўмовы — дзе, калі і як павінен быць пахаваны Аляксей. Гэта незаконна, — кажа Навальная. — ...Яны хочуць прывесці мяне на ўскраіну могілак да свежай магілы і сказаць: "Вось тут ляжыць ваш сын". Я на гэта не згодна. Я хачу, каб і ў вас — каму Аляксей дарагі, для каго яго смерць стала асабістай трагедыяй — была магчымасць з ім развітацца".

Людміла Навальная кажа, што амаль суткі была ў будынку Следчага камітэта горада Салехарда. У морг яе таемна вазілі ўвечары ў сераду.

Следчыя сцвярджаюць, што вынікі патрэбных экспертыз ужо гатовыя. У заключэнні аб смерці, якое таксама паказалі маці Аляксея Навальнага, напісана, што прычыны яго смерці — "натуральныя".

Навальны — вядомы палітычны апанент Уладзіміра Пуціна. У 2020-м яго атруцілі ў Расіі, пасля чаго апазіцыянер быў у стане комы. Пасля лячэння і рэабілітацыі ў Германіі Аляксей Навальны ў 2021 годзе вярнуўся ў Маскву, ведаючы, што яго могуць арыштаваць (што і адбылося ўжо ў аэрапорце). У 2022-м яму прысудзілі 9 гадоў калоніі, а ў 2023-м дадалі яшчэ 19 гадоў. Яго 27 разоў адпраўлялі ў штрафны ізалятар. Пра смерць Навальнага ў калоніі афіцыйна паведамілі 16 лютага. Яму было 47 гадоў.

Еўрасаюз заклікаў Расію правесці міжнароднае расследаванне смерці Аляксея Навальнага.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі