Байдэн назваў Пуціна "звар'яцелым сукіным сынам"
Джо Байдэн
Прэзідэнт Джо Байдэн назваў прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна "звар'яцелым сукіным сынам". Такую заяву ён зрабіў у сераду на мерапрыемстве па зборы сродкаў у Сан-Францыска, паведамляе CNN.
"У нас звар'яцелы гэты сукін сын, гэты хлопец, Пуцін. І мы заўсёды павінны турбавацца пра ядзерны канфлікт. Але экзістэнцыяльнай пагрозай чалавецтву з'яўляецца клімат", — казаў Байдэн.
Прэзідэнт ЗША таксама раскрытыкаваў Дональда Трампа за яго каментары пра Аляксея Навальнага. Трамп цяпер вядзе перадвыбарчую кампанію і зноў хоча зрабіцца прэзідэнтам. Надоечы ён параўнаў свае юрыдычныя праблемы са смерцю расійскага палітыка ў калоніі.
"Ён параўноўвае сябе з Навальным і кажа, што праз тое, што наша краіна нібыта зрабілася камуністычнай, яго пераследвалі гэтак жа, як пераследвалі Навальнага. Адкуль, чорт пабяры, гэта бярэцца", — сказаў Байдэн. На яго думку, калі б сам Байдэн стаяў "тут 10-15 гадоў таму і казаў усё гэта, вы б усе падумалі, што мяне трэба адправіць у турму".
У Маскве ўжо адрэагавалі на гэтыя словы Байдэна. У Крамлі сказалі, што гэтыя заявы хутчэй зневажаюць Злучаныя Штаты і тых, хто выкарыстоўвае такую лексіку, і што гэта было дрэннай спробай выглядаць як "галівудскі каўбой". Пра гэта паведамляе Reuters.
"Спадар Пуцін калі-небудзь звяртаўся да вас хоць адным грубым словам? Такога ніколі не было. Таму я лічу, што такая лексіка прыніжае саму Амерыку", — прыводзіць агенцтва словы прэс-сакратара Пуціна Дзмітрыя Пяскова.
Раней прэзідэнт ЗША казаў, што адказнасць за смерць Навальнага нясе Пуцін. Гэтак жа лічаць і ў ЕС. Вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза ў замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль заклікаў Расію "дазволіць правесці незалежнае і празрыстае міжнароднае расследаванне абставінаў раптоўнай смерці" Аляксея Навальнага. Пра гібель расійскага палітыка ў калоніі стала вядома 16 лютага.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.