Еўрасаюз заклікаў Расію правесці міжнароднае расследаванне смерці Навальнага

Аляксей Навальны

Аляксей Навальны / ria.ru

Расія павінна "дазволіць правесці незалежнае і празрыстае міжнароднае расследаванне абставінаў раптоўнай смерці" Аляксея Навальнага. З такім зваротам выступіў Вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль. Яго заява апублікаваная на сайце Еўрапейскага савета.

Адказнасць за смерць расійскага апазіцыянера Барэль усклаў на прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна і расійскія ўлады. Ён прыгразіў кіраўніцтву РФ дадатковымі санкцыямі і паабяцаў, што ЕС "прыкладзе ўсе намаганні, каб прыцягнуць да адказнасці палітычнае кіраўніцтва і ўлады Расіі".

Таксама Барэль заклікаў неадкладна вызваліць усіх людзей, затрыманых у Расіі на акцыях памяці Аляксея Навальнага.

ЕС звярнуў увагу на сістэматычныя рэпрэсіі ў Расіі і заклікаў неадкладна і без умоваў вызваліць  усіх палітычных зняволеных.

Пра нечаканую смерць Аляксея Навальнага, самага вядомага палітычнага апанента Пуціна, стала вядома 16 лютага. Палітвязню было 47 гадоў. Сёння было абвешчана, што цела Навальнага не выдадуць сваякам яшчэ 14 дзён.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі