Адбор на Еўрабачанне па той бок тэлеэкрана (фота, відэа)
Еўрарадыё паназірала, як больш за 8 тысяч чалавек выбралі Макса Лорэнса, а журы давялося двойчы галасаваць за перамогу Тэа.
За паўгадзіны да фіналу нацыянальнага адбору на Еўрабачанне фае БТ нагадвае свецкую тусоўку. Не хапае хіба толькі шампанскага. Некалькі хвілін на правілы паводзінаў ды знаходжання ў студыі, і мы трапляем у “святая-святых”. Сцэна займае палову памяшкання, пад ёй каля сотні аматараў беларускай эстрады з папяровымі сцяжкамі, за імі — абсталяванне, камеры ды ўсе тыя, ад каго залежыць якасць прамога эфіру. Апошняя рэпетыцыя з публікай, вядучыя ў голас, з відавочным хваляваннем паўтараюць завучаны тэкст і рэжысёр пачынае адлік.
“Я люблю музыку пацяжэй, — выхопліваем мы пасля выступу Мацвея Купера, аднаго з нешматлікіх фарматных для Еўрарадыё фіналістаў. — Я не люблю цукрова-ватныя песні, а таму, нягледзячы на ўдзел у конкурсе, фармат Еўрабачання мне не падабаецца. Таму для мяне найбольш блізкая з усіх — песня ад гурта Nuteki. А што тычыцца галасавання, то я ж сюды ішоў з нефарматнай песняй, а таму адэкватна рэагую на вынік. Я прадстаўляю малады калектыў і гэты выступ — дастаткова гучная заяўка. Мы зрабілі ўсё як маглі, на наш погляд, гэта выглядала нядрэнна, а далей — ужо справа крытыкаў”.
Упершыню за гісторыю адбору падчас глядацкага галасавання на экране з’яўляюцца нават прамежкавыя вынікі. А праз некалькі секунд пасля закрыцця тэлефоннага галасавання мы даведваемся, што найбольшую колькасць званкоў набраў дуэт Макса Лорэнса і Валерыя Дзідзюлі (8746). На другім месцы апынуліся Nuteki (5651), на трэцім — Тэа ці Юрый Вашчук (5088).
“Усё класна, мы ж балдзеем, насамрэч, год праекту, а мы з такімі вынікамі, — кажуць самыя “адарваныя” ўдзельнікі фіналу гурт Switter Boys. — Дзяўчаты, натуральна, больш сур’ёзна паставіліся, і гэта нармальна. Дзяўчаты — наш “канёк”, бо мы ж увогуле недысцыплінаваныя і ўсе танцы і г.д. — дзякуючы выключна ім. Таму мы сябе таксама адчулі крыху на іншым узроўні, бо быць героямі інтэрнэта — адно, а выйсці на сцэну і нешта рабіць — іншае. Але вы не думайце, што мы неяк напружваліся з прома ці падрыхтоўкай, у нас усё ідзе вельмі проста, мы лічым, што ўсё мусіць быць так, як ідзе”.
Пасля прэм’еры песні Аляксандра Саладухі, які расстроіў тым, што не з'явіўся ў вобразе матылька, на сцэну выходзяць яшчэ 12 запрошаных гасцей. Сярод іх — і мінулыя прадстаўнікі Беларусі на Еўрабачанні Алёна Ланская, Руслан Аляхно і нават цяпер ужо масквічка Паліна Смолава. Нягледзячы на зорных гасцей, натоўп пад сцэнай моцна радзее.
Калі ў студыі з’яўляюцца сябры журы (традыцыйна яны глядзяць тэлетрансляцыю фіналу ў асобным закрытым для ўсіх пакоі), пад сцэнай застаецца ўжо толькі палова публікі. Упершыню журы адкрыта агучвае сваіх фаварытаў. Іх тройка лідараў Тэа, Жанэт і Switter Boys.
“Радуе, што не Лорэнс, — каментуюць вынікі галасавання музыкі гурта Nuteki. — Выбралі Тэа, што ўжо не так прадказальна, як усе шапталіся за кулісамі. Для мяне гэта нейкія стэрэатыпы пасунула, разбурыла. Колькі людзей, столькі меркаванняў, але склад журы такі, што наўрад ці можна казаць пра іх кампетэнтнасць. Іх уласная творчасць далёкая ад еўрафармату і выбіраюць яны не тых, хто спадабаецца там, а тых, хто бліжэй для іх саміх. Мне так падаецца. Мой фаварыт — Дарыя, але і ў Тэа ёсць нешта, энергетыка, якой ён прыцягвае. Паглядзім, што скажа Еўропа”.
Nuteki некалькі гадоў запар спрабавалі прадставіць Беларусь на Еўрабачанні, але ўвесь час праляталі. Больш музыкі падаваць заяўкі на ўдзел у нацыянальным адборы не плануюць, маўляў, “сэнсу ў гэтым больш не будзе, развіцця гурту гэта не дасць, ды і год вельмі насычаны — толькі ў Германіі плануецца каля 6 вялікіх оўпэн-эйраў”.
Сума глядацкіх балаў і балаў журы, плюс нейкая абракадабра выводзяць на першае месца адразу двух фіналістаў: Макса Лорэнса і Тэа. Такога яшчэ не было ніколі, але ні вядучыя, ні прадстаўнікі камісіі нават вокам не вядуць, нібы падобнае здараецца штодзень. Тым не менш, вызначыцца з прадстаўніком краіны трэба! Вырашыць гэта давяраюць журы, якое за хвіліну да гэтага і так адзінагалосна аддала вышэйшы бал Тэа, а дуэт Лорэнса і Дзідзюлі па іх версіі не трапіў нават у тройку. Тым не менш, на сцэну па чарзе зноў выходзяць усе прадстаўнікі камісіі і, невядома навошта, не зважаючы на вялікую розніцу ў глядацкім галасаванні (Лорэнсу аддало перавагу на 3658 гледачоў больш), яшчэ раз аддаюць свае папяровыя сэрцы за Тэа.
“У любым выпадку, адбылося сапраўднае свята музыкі, прагучалі добрыя песні і выбраная вартая песня, — пасля абвяшчэння вынікаў філасофствуе Дзідзюля, і з ім пагаджаецца Макс Лорэнс. — Галоўнае не момант спаборніцтва, а тое, што глядач змог пачуць новыя песні. А ўсё тое, што тычыцца закулісных гісторый, закуліснага жыцця — прабачце, дазвольце! Нас гэта не тычыцца і не хвалюе. Мы займаемся музыкай, у нас ёсць вельмі цікавыя сумесныя праекты, над якімі мы працуем, так што, ёсць чым займацца”.
Макс Лорэнс і Дзідзюля не адмаўляюць, што праз год зноў паспрабуюць свае сілы менавіта дуэтам, але пакуль пра гэта не думалі.
Нагадаем, міжнародны песенны конкурс "Еўрабачанне-2014" пройдзе ў Капенгагене з 6 па 10 траўня.
Журы складалася з народных артыстаў Беларусі Васіля Раінчыка і Аляксандра Ціхановіча, заслужанай артысткі Алёны Ланской, старшыні "Радиус FM" Алены Трашчынскай, загадчыка аддзела культуры Агенцтва тэленавінаў Міхаіла Рэвуцкага, дырэктара школы танца "ШТАМ" Аляксандра Мяжэннага, кіраўніка ўпраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Марыяны Мальчык ды саліста Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета Эдуарда Мартынюка. Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі і па сумяшчальніцтве старшыня журы Генадзь Давыдзька ў фінальным галасаванні не ўдзельнічаў з-за працоўнай занятасці.
Спявак Тэа з песняй "Cheesecake" прадставіць Беларусь на "Еўрабачанні-2014"
Наталля Тамела
Арцём Міхаленка
Тэа (Юрый Вашчук)
Дарыя
Алена Сіняўская
Аліна Мошчанка
Жанэт
Анастасія Малашкевіч
Наполі
Таша Одзі
Аляксандр Саладуха
Паліна Смолава