Адтэрміноўку ад войска атрымаюць студэнты, якія навучаюцца за мяжой

Цяпер студэнт зможа атрымаць адтэрміноўку ад службы ў войску, нават адлічыўшыся з ВНУ. Такая палёгка стала магчымай пасля ўнясення зменаў у закон "Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе".
Начальнік прэс-службы Мінабароны РБ Вячаслаў Раменчык распавёў Еўрарадыё пра тое, што адтэрміноўка будзе прадастаўляцца і аспірантам, якія вучацца на завочцы, хаця раней гэта тычылася толькі “вочнікаў”.

Маладыя людзі, якія адлічыліся з навучальнай установы, а пасля аднавіліся ці нават проста падалі дакументы на аднаўленне, таксама змогуць адцягнуць прызыў у войска:

“Калі малады чалавек атрымліваў вышэйшую альбо сярэднюю адукацыю і адлічыўся па нейкіх прычынах, а пасля аднавіўся ў гэтую ВНУ альбо ў іншую (магчыма нават, на іншую форму навучання), яму прадастаўляецца адтэрміноўка для атрымання адукацыі.

Выключэннем з’яўляюцца толькі выпадкі, калі студэнт адлічваўся за непаспяховасць альбо недысцыплінаванасць”.

Вячаслаў Раменчык падкрэсліў, што да гэтага студэнт не меў права на адтэрміноўку пасля адлічэння з ВНУ. Нават нягледзячы на тое, аднавіўся ён альбо не:

“Раней у нас было так – калі ён ужо адлічыўся, а потым аднавіўся, то ён губляў права на адтэрміноўку і прызываўся ў армію”.

Адцягнуць службу ва Узброеных сілах змогуць і беларусы, якія навучаюцца за мяжой. Начальнік прэс-службы Мінабароны запэўніў Еўрарадыё, што неістотна, у якой краіне адбываецца навучанне. Усё, што трэба – гэта прадаставіць афіцыйныя дакументы, якія б яго пацвярджалі.

У адпаведнасці з законам адтэрміноўку атрымалі і маладыя людзі, у якіх ёсць цяжарныя жонкі, дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без бацькоўскай апекі , а таксама грамадзяне, чые родныя пацярпелі пры выкананні службовых абавязкаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі