Агенцтва Standard & Poor's прагназуе рэзкі рост коштаў у Расіі
Падаражанне найперш закране прадукты харчавання праз забарону імпарту сельгаспрадукцыі з краін Захаду.
Па дадзеных аналітыкаў агенцтва, рост цэн будзе паскарацца з набліжэннем зімы. Асноўнай прычынай такой дынамікі стане недахоп прадуктаў, пастаўка якіх была спыненая. Як адзначаюць у агенцтве, расійскім кампаніям спатрэбіцца некаторы час для заключэння кантрактаў з альтэрнатыўнымі пастаўшчыкамі, інфармуе ВВС.
Ужо ў жніўні было зарэгістравана значнае павышэнне коштаў на шэраг прадуктаў харчавання ў Расіі, на якія распаўсюджваецца забарона. На працягу жніўня цэны на мяса і птушку выраслі на 2,5% (у жніўні 2013 - усяго на 0,2%). Рыба падаражэла на 1,4% (у 2013 годзе - на 0,7%). Гэтыя тэндэнцыі захоўваліся і ў верасні.