“Расія прайграла ў рэсурснай схватцы”. Калі ў Пуціна скончацца грошы на вайну?

Вячаслаў Шыраеў

Вячаслаў Шыраеў / fecebook.com

Санкцыі супраць Расіі працуюць, яе рэзервы вычэрпваюцца, а вайна супраць Украіны становіцца ўсё даражэйшай. На думку расійскага эканамічнага аглядальніка Вячаслава Шыраева, эканоміка краіны-агрэсара ўжо ўвайшла ў вострую фазу крызісу.

У інтэрв’ю Еўрарадыё эксперт тлумачыць, чаму змякчэнне санкцый у дачыненні да Беларусі не выратуе Маскву, калі ў Крамля могуць скончыцца грошы на ракеты і чаму менавіта 2026 год можа стаць пераломным.


“Гэта ўжо крызіс. Пачатак вострай фазы”

На пытанне пра тое, у якой кропцы сёння знаходзіцца расійская эканоміка пасля анексіі Крыма, санкцый і поўнамаштабнай вайны, Вячаслаў Шыраеў упэўнена адказвае:

— Гэта крызіс, пачатак вострай фазы крызісу. Перш за ўсё мы ацэньваем гэта па стане дзяржаўных фінансаў, бюджэту. Бюджэт ужо не спраўляецца з такімі выдаткамі, якія ўсё растуць, растуць і растуць.

Паводле яго слоў, ва ўрада практычна не засталося рэзерваў, якія на працягу некалькіх гадоў дазвалялі фінансаваць усё большыя ваенныя выдаткі.

— Ніякіх рэзерваў ва ўрада больш не засталося. Нагадаю, што нейкі час Расія магла існаваць дзякуючы тром асноўным крыніцам.

Першая з іх — Фонд нацыянальнага дабрабыту. Ліквідныя актывы фонду з пачатку года скараціліся больш чым на адзін трыльён расійскіх рублёў. Толькі за май яны зменшыліся больш чым на 200 мільярдаў. Там засталося ўсяго 3 трыльёны 400 мільярдаў рублёў.

Эканаміст лічыць, што гэтых сродкаў ужо недастаткова.

— Гэтая скарбонка больш не падтрымлівае расійскі бюджэт. Крэмль ужо не можа забяспечыць стабільнасць і працяг тых фінансавых уліванняў, якія накіроўваюцца на вядзенне вайны.


Казначэйскія грошы заканчваюцца

Другой крыніцай фінансавання, паводле слоў Шыраева, былі рэшткі сродкаў на дзяржаўных рахунках.

Чаму менавіта 2026 год?

У сваіх выступленнях Шыраеў неаднаразова папярэджваў пра рызыку маштабнага бюджэтнага крызісу менавіта ў 2026 годзе. Паводле яго слоў, трывожныя сігналы ўжо відаць у дынаміцы дэфіцыту бюджэту.

— За пяць месяцаў дэфіцыт бюджэту перавысіў шэсць трыльёнаў рублёў. Калі параўнаць з тым жа перыядам мінулага года, тады ён быў у два разы меншы.

Эксперт лічыць, што афіцыйны дэфіцыт істотна заніжаны.

— Па маіх разліках і па пацверджаных даных нямецкай разведкі, рэальны дэфіцыт бюджэту дасягнуў 8 трыльёнаў рублёў. Але Пуцін дазволіў паказаць 5 трыльёнаў 760 мільярдаў. То-бок каля 2,3 трыльёна рублёў дэфіцыту схавалі ў расходах наступнага года і іншых артыкулах.

Паводле суразмоўцы Еўрарадыё, калі цяперашнія тэндэнцыі захаваюцца, маштаб праблемы можа стаць яшчэ большым.

— Калі рэальны дэфіцыт бюджэту быў 8 трыльёнаў, а цяпер ён падвойваецца, то да канца 2026 года ён можа скласці каля 16 трыльёнаў рублёў.

Але на гэтым праблемы не заканчваюцца.

— Далей мы павінны дадаць дэфіцыт рэгіянальных бюджэтаў, пенсійнага фонду, фонду медыцынскага і сацыяльнага страхавання… У выніку атрымаем 20 трыльёнаў рублёў дэфіцыту сукупнай казны па ўсіх артыкулах… Дзіра будзе роўная ўсяму, што засталося ў запасах.

І менавіта тут, на думку Шыраева, узнікае галоўная пагроза.

— У 2026 годзе ў Расіі будзе такая дзірка, якая будзе роўная ўсім золатавалютным рэзервам. Гэта значыць усяму багаццю, якое засталося ў Крамля.

Эканаміст прызнае, што ўлады будуць шукаць спосабы адтэрмінаваць крызіс.

— Яны надрукуюць грошы. Яны часткова прададуць золата. Яны да канца раздраконяць Фонд нацыянальнага дабрабыту. Яны скароцяць рэшткі на казначэйскіх рахунках.

Але нават гэтага, на думку спецыяліста, акажацца недастаткова.

— Ім усё роўна будзе не хапаць 200 мільярдаў долараў.

Менавіта таму 2026 год ён лічыць ключавым разваротным момантам.

— У 2026 годзе ў іх яшчэ ёсць нейкі шанец нешта прыдумаць, спыніцца, перагрупавацца, перафармаціравацца.

У адваротным выпадку наступствы могуць быць вельмі цяжкімі.

— Далей пачынаецца гіперінфляцыя, развал прамысловасці, мільёны беспрацоўных. Пачынаецца момант, калі сістэма канчаткова разарвалася.

Менавіта таму, лічыць Вячаслаў Шыраеў, крызіс у Расіі — гэта ўжо не пытанне будучыні. На думку эксперта, расійская эканоміка ўжо ўвайшла ў яго цяпер, і хутка можа наступіць момант, калі назапашаныя праблемы перастануць маскіравацца статыстыкай і закрывацца разавымі фінансавымі рашэннямі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.