Актывісты "Маладога фронта" маюць намер правесці 25 сакавіка сваё шэсце
Намеснік старшыні міжнароднай моладзевай арганізацыі "Малады Фронт" (Чэхія) Мікалай Дземідзенка 14 лютага падаў у Мінгарвыканкам заяўку на правядзенне шэсця.
Як паведаміў БелаПАН Мікалай Дземідзенка, паводле заяўкі, шэсце павінна пачацца ў 18 гадзін на плошчы Свабоды. Яго ўдзельнікі плануюць прайсці да плошчы Незалежнасці.
"Мы заклікаем адзначыць Дзень Волі не толькі пад лозунгам вызвалення палітвязняў. Дзень Волі павінен праходзіць пад лозунгам "Саша, сыходзь!", — лічыць Дземідзенка.
Па яго словах, "Малады фронт" не можа пагадзіцца на ўмовы правядзення акцыі, прапанаваныя іншымі дэмакратычнымі рухамі, якія не маюць дастатковага досведу ў правядзенні вулічных акцый, такіх як рух "За Свабоду", Партыя БНФ, ініцыятыва "Гавары праўду!", саюзу "За мадэрнізацыю", партыі "Зялёныя", аргкамітэт па стварэнні Партыі свабоды і прагрэсу. Нагадаем, гэтыя структуры ініцыявалі шэсце 25 сакавіка па маршруце Акадэмія Навук — сквер Янкі Купалы.
"У выпадку блакавання 25 сакавіка плошчы Свабоды збор удзельнікаў акцыі будзе адбывацца на Кастрычніцкай плошчы", — адзначыў Дземідзенка.