Алег Скрыпка паабяцаў перамагчы Сяргея Міхалка

Лідэр украінскага гурта “Воплі Відоплясова” Алег Скрыпка паабяцаў перамагчы Сяргея Міхалка, лідэра беларускага калектыву “Ляпис Трубецкой”. Справа ў тым, што абодва гурты возьмуць удзел у вялікіх музычных баталіях на галоўным музычным канале Расіі MTV, якія адбудуцца пасля Дня Перамогі.
Праект называецца “Поўны кантакт”, менавіта “ВВ” і “Ляпис Трубецкой” стануць аднымі з першых яго ўдзельнікаў. На днях Алег Скрыпка заявіў, што не сумняваецца ў перамозе яго каманды, бо сцэнічны досвед "Вопляў" значна большы, чым у беларускіх сапернікаў. І вось што адказаў на гэтую заяву Сяргей Міхалок:

“Я думаю, што пераможа той гурт, у якога будзе лепшая падтанцоўка. А мы з сабой вязем 30 вугорскіх порнаактрыс. Усе дзяўчыны былыя гімнасткі і не баяцца выступаць аголенымі.

Таму калі казаць пра сучасную поп-культуру як пра шоў, то, канешне ж, нашыя порнаактрысы будуць больш грацыёзныя і прыцягальныя для сучаснага слухача, чым танцы майго танцавальнага куміра Алега Скрыпкі.

Можа быць, мы яшчэ возьмем знаёмую дзяўчыну-інваліда, якая на вакзале грае на арфе. Яна выканае з намі нумар на песню “Харэ”, і, можа быць, з-за гэтага нас пашкадуюць”.

Мы ведаем, што Сяргей Міхалок і Алег Скрыпка старыя сябры, але падчас праграмы пра гэта ім давядзецца забыць, бо дэвізам “Поўнага кантакту” з’яўляецца "Сяброўства не пераможа! Пераможа мацнейшы!" Як музыкі ставяцца да такога дэвізу і ці не збіраецца “Ляпис Трубецкой” зрабіць сумесны праект з “Воплямі Відоплясова” па-за праграмай на MTV, мы таксама спыталі ў Сяргея:

“Я думаю, што ўсё, што звязана з бойкамі і хіт-парадамі на MTV, гэта своеасаблівы момант гульні. І ўпэўнены, што Скрыпка казаў свае словы лукава, а не сур’ёзна. Хаця я, напрыклад, нікога не баюся, і калі нас лічаць маладым гуртом у гэтым тандэме, то я толькі рады.

Алег падтрымлівае наш рух “Дзеці сонца”, а сумесныя праекты такім яскравым артыстам, як Скрыпка, непатрэбны. “Танцы з зоркамі”, усялякія парныя дуэты, выступы хорам патрэбны поп-артыстам, якія толькі дзякуючы нечаканым PR-крокам падтрымліваюць да сябе цікавасць.

Насамрэч ёсць шмат артыстаў, якія з-за сваёй індывідуальнасці здзіўляюць і прыцягваюць на свой бок прыхільнікаў”.


І адразу нас зацікавіла, ці пагадзіўся б Сяргей Міхалок узяць удзел у праграме кшталту “Рок-зоркі на баксёрскім рынгу”:

“Гэта не сакрэт, што я вельмі даўно займаюся рознымі адзінаборствамі. Астатнія поп- і рок-зоркі ў асноўным нягеглыя і распусныя людзі, а я straight ager, таму мне баяцца няма чаго”.

Дадам, што ўвечары 12 траўня, адразу пасля праграмы, Скрыпка ладзіць канцэрт-фестываль “Рок-вечары на хутары каля Крамля, ці Булы дэнькі”. На ім “Воплі Відаплясава” прэзентуюць свой новы альбом “Були Деньки”, які за першы месяц разышоўся большым накладам, чым папярэдні альбом за чатыры гады.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі