Аляксандр Лукашук: У Беларусі даўно ёсць свой Вацлаў Гавал

Еўрарадыё: Якое ўражанне ствараў Вацлаў Гавал пры сустрэчы як чалавек?

 

Аляксандр Лукашук: Журналісты часта сустракаюцца з вядомымі людзьмі і да гэтага прывыкаеш, як да асаблівасці прафесіі. Але з усіх вялікіх людзей з якімі мне даводзілася сустракацца яго вылучала тое, што ён быў абсалютна не вялікі. Такое ж адчуванне ў мяне было, напрыклад, пасля сустрэчы з кампазітарам Дзмітрыем Шастаковічам, ці знаёмства з Васілём Быкавым. Людзі такога кшталту разумеюць, наколькі вялікі свет і наколькі малы сам чалавек. І чым больш яны гэта разумеюць, і чым больш яны робяць, тым больш натуральна яны сябе паводзяць. Ніколі не было ніякага бар’еру, Гавал заўсёды ўспрымаў суразмоўцу як роўнага, чые пытанні вартыя ўвагі, наколькі ўдала яны ні былі б сфармуляваныя. Ён спрабаваў адказаць максімальна глыбока, поўна і аб’ёмна.

Еўрарадыё: Чаму Вацлаў Гавал быў так зацікаўлены Беларуссю?

 

Аляксандр Лукашук: Беларусь была для яго вельмі важнай тэмай, месцам і гістарычным прыкладам. Гэта загадка, на якую я ня ведаю поўнага адказу, магу толькі даць некалькі складнікаў. Пры Гавале Еўразвяз  і НАТА пашырыліся да былых краін сацыялістычнага лагеру. Чэхія стала сябрам НАТА, сябрам Еўразвязу.

Але ён лічыў, што фармаванне новай Еўропы не завершанае. Ён выказваўся, што мяжа Еўропы, маецца на ўвазе Еўразвяз і НАТА, павінна праходзіць да мяжы з Расіяй. Гэта азначала, што Малдова, Украіна і Беларусь павінны былі быць у Еўропе. Ён не ўяўляў завяршэння працэсу дэмакратызацыі Еўропы без Беларусі. Гэта было яго глабальнае палітычнае бачанне. Гэта адзін чыннік яго ўвагі да Мінска.

Другая тэма, што была яму блізкая ўсё жыццё – тэма правоў чалавека, свабоды прэсы, дэмакратычнага працэсу. Калі параўнаць Беларусь з іншымі краінамі, што ўваходзілі ў геапалітычны чыннік – Украіна і Малдова – то, канешне, Беларусь выклікала ў яго найбольшую трывогу, найбольшае хваляванне і найбольшы боль. Гэтыя дзве рэчы з’яўляліся для яго цэнтральнымі.

І калі ён, не будучы ўжо прэзідэнтам наўрад ці мог паўплываць на вырашэнне першай рэчы, то паўплываць на вырашэнне другой, на вырашэнне сітуацыі з правамі чалавека, ён лічыў сваім абавязкам.

Пры гэтым, што такое ўплыў Гавал разумеў як вельмі мудры чалавек. Гэта не дзеянне чалавека ў якога ёсць улада, які можа загадаць нешта. Гэта дзеянне чалавека, які мае слова, і мае сваё жыццё, на якім базуецца аўтарытэт гэтага слова. І таму яно можа дасягаць вельмі далёка і быць чутным па ўсім свеце.

Я неяк слухаў яго выступ у бібліятэцы Кангрэса ЗША. Там гаворка ішла не пра Беларусь, але было вельмі прыемна слухаць, як ён самаіранічна са смехам распавядаў хто такія дысідэнты. Маўляў, мы самі часам не разбіраліся, людзі, што прыходзяць у амбасады, што выходзяць з пратэстамі – яны, у прынцыпе, нармальныя ці не. Мы ўжо не ведалі, можа сапраўды мы ўсе ненармальныя. Тым не менш, толькі такія паводзіны ён для сябе лічыў нармальнымі.

Аднойчы Вацлаў Гавал сам пазваніў і прапанаваў зрабіць інтэрв’ю. Адно з пытанняў да яго, атрыманых на сайце, было акурат такое: чаму вы столькі ўвагі надаяце Беларусі, можа ў вас было каханне з беларускай дзяўчынай? Гавал засьмяяўся. І ў нас дагэтуль ёсць запісаны яго смех. Ён адказаў, што не лічыць, што занадта ўвагі надае Беларусі, што проста для яго гэта важна. І відаць, гэта сапраўды так.

Еўрарадыё: Які настрой зараз пануе ў чэхаў?

 

Аляксандр Лукашук: Я сёння быў на Вацлаўскім намесці, каля помніка Святому Вацлаву. Гэта цэнтральная плошча ў Празе, дзе адбылася аксамітная рэвалюцыя. Ён увесь зараз застаўлены свечкамі памяці.  Ён заклеены словамі “дзякуй за ўсё”, “ты ў нашым сэрцы” і фотаздымкамі. Там немагчыма стаяць без слёз, калі глядзіш на гэтую карціну любові чэхаў і гасцей Прагі да яго. Такіх людзей, як Гавал, мы не страчваем. Вацлаў Гавал не скончыўся, Вацлаў Гавал працягваецца.

Еўрарадыё: Як вы думаеце, ці хтосьці з беларускіх палітыкаў можа параўнацца па сіле асобы з Вацлавам Гавалам?

 

Аляксандр Лукашук: На гэтае пытанне Вацлаў Гавал засмяяўся б у адказ. Я думаю, што параўноўваць яго можна хіба з Васілём Быкавым. Адбылася ўнікальная сустрэча Гавала і Быкава 12 верасня 2001 года. Днём раней адбыўся тэрарыстычны напад на Нью-Ёрк, два дні перад гэтым скончыліся чарговыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі. Нягледзячы на тое, што ўсе краіны і прэзідэнты краінаў НАТА памянялі ўвесь свой расклад і займаліся пытаннямі, звязанымі з магчымымі наступствамі тэрарыстычнай атакі, магчымымі глабальнымі мілітарысцкімі праявамі, Вацлаў Гавал не змяніў свой расклад для Васіля Быкава. Сустрэча цягнулася каля гадзіны, яны ўдвох размаўлялі пра Беларусь. У гэты дзень, адзін з самых трагічных у дваццаць першым стагоддзі, Васіль Быкаў і Вацлаў Гавал палічылі, што ім трэба быць разам і гаварыць. Вось і адказ на вашае пытанне: у Беларусі даўно ёсць свой Вацлаў Гавал.  

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі