“Амбасовішча-2010” — развітальны амерыканскі смайл беларускім музыкам

На апошнім "Амбасовішчы", што прайшло сёння ў Раўбічах, сыгралі восем гуртоў, а таксама прагучала песня, напісаная адмыслова для імпрэзы.
Музычны фэст “Амбасовішча”, які штогод ладзіла амбасада ЗША ў Беларусі, сёння адбыўся ў апошні раз. У імпрэзе ўзялі ўдзел пераможцы мінулагодніх конкурсных частак — гурты Dali, Хуткі Смоўж, Кальмары, а таксама "Босае Сонца", “У нескладовае”, “Нейра Дзюбель”, “Нака” і госці з Нябраскі каманда Bishop.

Першыя пераможцы “Амбасовішча” — гурт Dali — парадуюць прысутных імпрэзы сваім новым стылем — электроннным рокам і новым гукам, а таксама выканаюць песню, напісаную адмыслова для фэста, які асацыюецца ў каманды з амерыканскай усмешкай.

Віктар Рудэнка, Dali: “Для нас "Амбасовішча" — гэта невялікі куток амерыканскай свабоды і амерыканскага смайла”.

Для Рамана Арлова — лідэра гурта “У нескладовае” "Амбасовішча" — гэта карысная і патрэбная справа.

Раман Арлоў: “Я быў асабіста на "Амбасовішчы" адзін раз з “J_морсамі” гады чатыры таму. У мяне склалася такое ўражанне, што гэта вельмі карысная і добрая справа. Па-першае, яна дае матывацыю маладым беларускім гуртам неяк праявіць сябе, а па-другое, з’яўляецца небеларускім фарматам правядзення ўвогуле імпрэзаў. То бок, гэта нейкі барбекю пад адкрытым небам з ненапружанай атмасферай, прафесійным гукам, добрай кампаніяй. Чаму б і не? Шкада, што ўсё гэта сканчваецца”.

Дарэчы, гурт “У нескладовае” рыхтаваў прэм’еру песні з Аляксандрам Памідоравым, які з’яўляецца сталым удзельнікам праекту, удзельнічаў у запісу песні “Не кожны”, здымаўся ў кліпе на гэтую песню, але ні разу не выходзіў на сцэну ў складзе гурта.

Запаліць “Амбасовішча” планаваў і малады беларускі гурт “Босае сонца”.

Алесь Зайцаў, “Босае сонца”: “Наш выступ будзе драйвовы. Мы падабралі адмыслова такія песні, якія б пасавалі да фармату міні-опэн-эйра. Таму, спадзяюся, “запалім”.

Нагадаем, прычынай таго, што "Амбасовішча" сёлета ладзіцца апошні раз, стала тое, што амерыканцы адмаўляюцца ад далейшай арэнды будынка — амбасадара ЗША ў Беларусі няма ўжо два гады, у Раўбічах ніхто не жыве, дом стаіць пусты.

Чакайце вялікую фотасправаздачу з сёлетняга "Амбасовішча" на старонцы Еўрарадыё!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі