Амерыканскі фантаст: Беларусь ― новая еўрапейская Трансільванія!

Антон Страўт нарадзіўся ў штаце Масачусэтс і не ведае ніводнага слова па-беларуску. Але ў рамане-фэнтэзі “Alchemystic” пісьменнік робіць гераіняй дзяўчыну Аляксандру Беларусь. Разлік спрацаваў, твор здабыў камерцыйны поспех.

“Я не ведаю, колькі копій было надрукавана, але кнігу можна набыць па ўсіх Злучаных штатах Амерыкі і таксама прачытаць яе можна ў электронным выглядзе на e-book, ― распавядае Антон Страўт  Еўрарадыё. ― Выйшла кніга “Alchemystic” (даслоўны пераклад “Алхімістык”, ― Рэд.) ў канцы верасня мінулага года. Яе працяг ― “Stonecast” (фактычны пераклад “Літы камень”, ― Рэд.) выпусцяць у канцы верасня гэтага года. Галоўная гераіня, Аляксандра Беларусь — гэта сучасная маладая жанчына, якая жыве ў Нью-Ёрк Сіці, але яе сям’я і магія, якую яны кантралююць, паходзіць з глыбіні стагоддзяў. Яе прапрадзядуля Аляксандр жыў у Беларусі, дзе ён практыкаваўся з народнай магіяй і нарэшце вывучыў, як пераўтвараць камяні ў змей-гаргулій”.

Еўрарадыё: А чаму вы выбралі менавіта Беларусь? Не думалі, што ў Амерыцы назва нашай краіны можа выкарыстоўвацца ў якасці брэнда.

Антон Страўт: Я абраў Беларусь, таму што шукаў тэрыторыю ў Еўропе, якая была б звязаная з маёй сям’ёй і магла б мець добры фальклор. Да Трансільваніі ўжо прызвычаіліся, яе зашмат. Хоць у мяне і польскае паходжанне, я заўсёды адчуваў, што да Польшчы прыдзіраюцца, з яе жартуюць, таму я выбраў Беларусь. Я не вельмі добра знаёмы з гэтай краінай, але спадзяюся, што выявіў добрае бачанне яе ў маіх кнігах.

Еўрарадыё: Антон, дык у вас толькі польскія карані? Многія заходнія беларусы па пэўных прычынах называлі сябе палякамі. Межы часта мяняліся…

Антон Страут: Мая сям’я ўцякала з Польшчы ад нацыстаў. І так атрымалася, што мы не ведаем дакладнай гісторыі, адкуль канкрэтна яны паходзілі. Таму заўсёды захоўваецца магчымасць, што яны ― беларусы.

 

Еўрарадыё: Цікава, можа, вы ведаеце нешта пра вядомых выхадцаў з нашай краіны? Скажам, пра боса амерыканскай мафіі Мэйра Ланскі ці нацыянальнага героя ЗША Тадэвуша Касцюшку?

Антон Страўт: Мне сорамна пра гэта казаць, але я не ведаю шмат пра Беларусь, як пра краіну. Не ведаю пра вашых літаратараў. Але часцінка Беларусі, якую я даследаваў, падаецца дзівоснай.

Еўрарадыё: Пазіраючы на нашу краіну з-за акіяну, вы бачыце магчымасць, што свая Аляксандра Беларусь з’явіцца і ў нас. І ўратуе чыстае і добрае для нейкіх зменаў? Ці магчыма такое?

Антон Страўт: Я лічу, паўсюль ёсць героі. Я схільны думаць, што маладая жанчына і яе Гаргуля Станіс могуць шмат зрабіць, каб паспрыяць зменам у вашай краіне.

Еўрарадыё: У якой колькасці раманаў з “Хронікі закляцця масонаў” паўдзельнічае Аляксандра Беларусь?

Антон Страўт: Гэта неперарыўная серыя. Я не ўпэўнены, колькі кніжак выйдзе ў “Хроніцы”, але спадзяюся, што напішу не адзін твор у будучыні.

Фота Kerin Hearne і з архіва Антона Страўта

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі