Аналітык: Беларусі выгадная прыватызацыя паводле расійскага сцэнарыя

Цалкам размову з фінансавым аналітыкам афіцыйнага партнёра Альпары ў Мінску Вадзімам Іосубам можна паслухаць тут:

120502 Iosub s.mp3

Еўрарадыё: У кантэксце адмены ўладамі прыватызацыйных спісаў хочацца спытацца, будзе прыватызацыя ці не?

Вадзім Іосуб: Само такое рашэнне не дае адказу на гэтае пытанне, бо гэтае рашэнне мае прынамсі два вынікі. З аднаго боку, не будзе канкрэтнага спісу прадпрыемстваў, што будуць прыватызаваныя, з другога ж боку, не будзе спісу стратэгічных прадпрыемстваў, што наогул не можна будзе прыватызаваць. Тэарэтычна спіс можа быць пашыраны, але дзяржава не абавязваецца загадзя прыватызаваць тыя ці іншыя прадпрыемствы.

Еўрарадыё: І ў які бок гэта будзе рэалізавана? У бок пашырэння колькасці прадпрыемстваў ці наадварот?

Вадзім Іосуб: Трэба пачынаць з таго, што беларускія ўлады заўжды былі супраць прыватызацыі і рабілі гэта пад прымусам, калі ўжо надта свярбела здабыць грошай (як з "Белтрансгазам") альбо тады, калі гэтага патрабавалі крэдыторы. Адназначна сказаць, наколькі гэта паўплывае на колькасць прыватызаваных прадпрыемстваў, — цяжка. Хутчэй за ўсё ёсць ужо пэўныя абавязальніцтвы па крэдыце ЕўрАзЭС. У першым варыянце мы павінны былі прыватызаваць прадпрыемстваў на 2,5 мільярды долараў, даставіць спіс гэтых прадпрыемстваў, каб атрымаць дадатковы транш на 440 мільёнаў долараў. Мы ведаем, што гэты спіс не прад’яўлены, рашэнне аб чарговым траншы адцягваецца з канца лютага. Можа, будзе такі спіс менавіта для ЕўрАзЭС, хіба што ЕўрАзЭС пойдзе на саступку. Па гэтым пытанні дагэтуль існуе пэўная інтрыга. 

Еўрарадыё: Гэта дзіўна выглядае, бо Беларусь раптам адмаўляецца ад сваіх абавязальніцтваў адносна ЕўрАзЭС…

Вадзім Іосуб: Не першы раз ужо мы назіраем, як да абавязальніцтваў ставяцца дастаткова гнутка. У гэтага ёсць і эканамічнае тлумачэнне. Калі дамова падпісвалася — Беларусь вельмі патрабавала грошай. Цяпер жа эканоміка маецца не надта блага: гандлёвае сальда ў нас станоўчае, грошы ўжо так моцна не рупяць. Магчыма, улады вырашылі, што чарговы транш нам не патрэбны, таму і вядуць такую гульню. Калі звярнуцца да таго праекту, дзе на прыватызацыю выстаўлены завод пеністых вінаў — можна меркаваць, што прыватызацыя ўладам цікавая, але закране адно сярэднія паводле беларускіх меркаў прадпрыемствы, не найбуйнейшыя ды на суму меншую за 2,5 мільярды долараў у год.

Еўрарадыё: Аналітык Сяргей Чалы расказваў пра метады эканамічнага і палітычнага ціску, якія выкарыстоўвае Расія, каб скупляць актывы ў іншых краінах. Калі Беларусь цяпер затармозіць гэты працэс — наколькі верагодна, што нас сустрэне чарговая "малочная", "авіяцыйная", "нафтавая", "газавая", ці, можа, "трактарная" вайна?

Вадзім Іосуб: Я вельмі шаную гэтага аналітыка, але тут бы я з ім паспрачаўся. У пытанні прыватызацыі Беларусь з Расіяй вядуць барацьбу. Кожны пільнуе свае інтарэсы, спрабуе схіліць шалі на сваю карысць, але нельга сказаць, што ў гэтай вайне перамагае Расія. Калі ўзяць прыклад з прыватызацыяй "Белтрансгазу" — відаць, што "Газпром" вельмі пераплаціў. Нягледзячы на магутны ціск Расіі, Беларусь аказалася ў плюсе. Калі вярнуцца да пытання з "Аэрафлотам" — інфармацыя аб цікавасці "Аэрафлота" да "Белавіі" была агучана адно беларускім бокам. Ніхто з расіянаў гэтай інфармацыі не пацвердзіў, і тая ўжо прапала. Гэта была інфармацыйная ін’екцыя — прычым толькі з беларускага боку.

Еўрарадыё: То бок, вы мяркуеце, што Расія не будзе вымушаць прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў?

Вадзім Іосуб: Яна будзе спрабаваць гэта рабіць, але, як гэта ні парадаксальна гучыць, для Беларусі гэта выгадна. Для Расіі гэта ўжо не эканамічны, а палітычны праект. Каб нейкім чынам у Беларусі замацавацца, Расія гатовая за нашыя актывы пераплачваць. У выніку беларускія актывы можна прадаць нашмат даражэй, чым калі б тыя выстаўляліся на нейкія міжнародныя таргі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі