Андрэй Арамнаў: Мяне дыскваліфікавалі на паўгода

Як распавёў Еўрарадыё сам цяжкаатлет, яго адлучылі ад спорту з-за допінгу яшчэ ў чэрвені. Пры гэтым спартсмен катэгарычна адмаўляе тое, што ўжываў марыхуану. Беларускі штангіст Андрэй Арамнаў прапускае чэмпіянат свету па цяжкай атлетыцы з-за таго, што адбывае паўгадавую дыскваліфікацыю. Яна пачалася неўзабаве пасля таго, як далі станоўчы вынік допінг-спробы, узятыя пасля красавіцкага чэмпіянату Еўропы, што прайшоў у Мінску.

Андрэй Арамнаў: “Я ж, здаецца, папаўся ў Мінску пасля чэмпіянату Еўропы. І дыскваліфікавалі мяне на паўгода. Але вось што мяне абурае: ніхто не тэлефануе, нічога не паведамляе… Проста “папрасілі” мяне са збораў, і ўсё.

Але ўжо 6 снежня я вяртаюся!”


Раней у якасці прычынаў, з-за якіх Арамнаў прапускае сусветнае першынство, што праходзіць гэтымі днямі ў Турцыі, называліся дрэнная спартовая форма штангіста і яго жаданне перапыніць прафесійную кар’еру. Таксама газета “Прессбол” выказала версію наконт таго, што ў допінг-спробах цяжкаатлета былі знойдзеныя сляды ўжывання марыхуаны. Аднак сам Арамнаў гэтыя чуткі абвяргае:

“Што там знайшлі?! Нічога сабе, першы раз чую пра гэта! Марыхуану ніколі ў жыцці не каштаваў, кажу шчыра!”

Зараз Андрэй Арамнаў трэніруецца самастойна. Па яго словах, ён пераходзіць у наступную вагавую катэгорыю, бо яго вага набліжаецца да 110 кілаграмаў. Каб набраць аптымальную форму, штангісту спатрэбіцца 2-3 месяцы.

Чытайце на Еўрарадыё пра Андрэя Арамнава:

За адну трэніроўку Андрэй Арамнаў падымае 30 тон (фота, відэа)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі