Арабскі прынц ахвяруе мільярды долараў на абарону правоў жанчын
Ён заявіў, што філантропія — неад’емная частка ісламу.
Прынц Саўдаўскай Аравіі Аль-Валід бін Талал бін Абдулазіз аль-Сауд абвясціў, што накіруе на дабрачыннасць увесь свой стан — 32 мільярды долараў. У бліжэйшыя гады ён пералічыць гэтыя грошы на карысць некалькіх дабрачынных праектаў, і гэта стане адным з найвялікшых ахвяраванняў такога кшталту за ўсю гісторыю.
Большую частку сродкаў атрымаюць дабрачынныя арганізацыі, якія змагаюцца з наступствамі катастроф і абараняюць правы жанчын.
Аль-Валід стаіць на 34-м радку ў спісе найбагацейшых людзей свету па версіі часопіса Forbes. Ён заявіў, што філантропія — неад’емная частка ісламу. Таксама ён прызнаецца, што на такі ўчынак яго натхнілі Біл і Мелінда Гейтс, якія актыўна развіваюць свой уласны дабрачынны фонд.
Прынц мяркуе, што яго грошы дапамогуць зрабіць свет больш талерантным, перадаюць замежныя СМІ.