Аўтарынак Беларусі чакае "кубінскі" варыянт

Аўтаэксперт прадказаў будучыню беларускага аўтарынку.

Еўрарадыё: Ці з першага ліпеня беларускі аўтарынак зменіцца кардынальна?

Навіцкі: "З першага ліпеня нічога істотна не зменіцца, таму што кошты на аўтамабілі залежаць ад наяўнасці грошай у насельніцтва, а грошай зараз не так шмат, і таму кошты застануцца прыкладна тымі ж самымі".

Еўрарадыё:  У сувязі з растаможкай беларусы адмовяцца ад іншамарак і будуць ездзіць на мазах ды расійскіх машынах?

Навіцкі:"Так, гэта сапраўды адбудзецца, але прыкладна праз год ці два. Таму што зараз усе, хто жадаў набыць танны аўтамабіль, гэта ўжо зрабіў. І прыкладна год рынак будзе знаходзіцца ў такім мёртвым становішчы: людзі не будуць купляць і не будуць прадаваць аўтамабілі. Яны будуць ездзіць на тым, што ёсць. А потым сапраўды людзі будуць арыентавацца на нейкія танныя новыя аўтамабілі, магчыма расійскай вытворчасці".

Еўрарадыё: Але ж цана на іншамаркі вырасце?

Навіцкі: "Новыя іншамаркі зараз каштуюць прыкладна столькі ж, колькі ў Расіі, таму што ўжо амаль год дзейнічаюць мытныя пошліны на новыя іншамаркі тыя ж самыя, што і ў Расіі".

Еўрарадыё: Дапусцім, я ўвезла аўтамабіль, ён каштуе, скажам, 7 тысяч даляраў. І праз год я захачу яго прадаць, але мыта падрасло. Ці змагу я прадаць яго за 11?

Навіцкі: "Зараз - не. Кошты на аўтамабілі прыкладна да зімы будуць тымі ж самымі. А праз год, магчыма, яны ўзрастуць, але невядома як, таму што якое будзе эканамічнае становішча ў краіне – нікому не вядома. Калі ў людзей не будзе грошай, калі будзе шмат беспрацоўных, то і кошты на аўтамабілі істотна не зменяцца. А калі эканоміка запрацуе, калі будуць грошы, тады, канешне ж, кошты узрастуць на аўтамабілі".

Еўрарадыё: А праз два-тры гады, калі гэтыя аўтамабілі, што зараз так шалёна ўвозілі, захочацца памяняць? Што беларусы будуць рабіць? Будуць даглядаць старыя? Перасядуць на расійскія? Ці на японскія іншамаркі, можа, яны будуць таннейшымі за нямецкія?

Навіцкі:  "Таннейшымі, чым з Нямеччыны, не будуць. І танных добрых аўтамабіляў ужо не будзе. Тут ёсць два варыянты. Варыянт першы – людзі будуць добра даглядаць тыя аўтамабілі, якія ёсьць, і гэта будзе такі кубінскі варыянт, калі чалавек набыў сабе аўтамабіль і ён на ім будзе ездзіць дваццаць гадоў, а потым перадасць унукам. І гэты аўтамабіль будзе выглядаць вельмі добра. Усе мы памятаем Савецкі Саюз і дваццацігадовыя жыгулі, масквічы - яны ездзілі, яны выглядалі вельмі добра, таму што ў чалавека не было варыянтаў. І тое ж самае будзе і ў Беларусі. Калі чалавек набыў нейкі танны мерсэдэс у добрым стане, ён будзе за ім глядзець так, што і праз дваццаць гадоў гэты мерсэдэс будзе як новы. Таму што варыянтаў у чалавека не будзе змяніць аўтамабіль. І другі варыянт – гэта новыя аўтамабілі бюджэтнага класа. Прыкладна дзесяць-пятнаццаць тысяч долараў яны будуць каштаваць. І людзі будуць набываць іх. Калі будуць добрыя танныя крэдыты, тады чалавек здолее набыць іншамарку коштам прыкладна дзесяць-пятнаццаць тысяч даляраў у крэдыт. Вось такія варыянты".

Еўрарадыё: А потым сплачваеш крэдыт, а машына праз два гады не такая ўжо і новая.

Навіцкі:  "Сапраўды, гэта так. На мой погляд самае жудаснае і самае непрыемнае ў гэтым становішчы тое, што прыкладна праз пяць гадоў нашыя гарады будуць выглядаць аднолькава з расейскімі. Напрыклад, зараз, калі мы прыедзем у Смаленск ці ў Маскву, аўтамабільны рух адрозніваецца ад беларускага, таму што там ёсьць сапраўды Жыгулі, Волгі, нейкія іншыя аўтамабілі, якія прадаюцца толькі ў Расіі, якія набываюцца толькі расіянамі. А калі мы прыязжаем у Мінск,  ён падобны да еўрапейскага горада: шмат французкіх аўтамабіляў, італьянскіх, нейкіх іншых, тых, якіх няма ў расійскіх гарадах. І Беларусь як краіна – яна адрозніваецца. А праз пяць гадоў нашыя гарады будуць выглядаць аднолькава з расійскімі. Гэта самае жудаснае і непрыемнае. Мы быццам бы згубім нейкую нацыянальную адметнасць, я б гэта так назваў".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі