Бакіева завочна пасадзілі ў турму на 25 гадоў
Былы прэзідэнт Кыргызстану і яго сваякі завочна асуджаныя да працяглых тэрмінаў зняволення.
Такі прысуд Курманбеку Бакіеву вынесены па справе аб спробе забойства замежнага бізнесмена Шона Дэйлі. Як паведамляюць замежныя інфармагенцтвы, Бакіеў асуджаны на 25 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасці і адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Брат зрынутага прэзідэнта і былы кіраўнік Службы дзяржаўнай аховы Жаныбек Бакіеў асуджаны на пажыццёвае зняволенне з канфіскацыяй маёмасці. Сыны Бакіева Марат і Максім асуджаныя адпаведна на 20 год турмы і пажыццёвае зняволенне.
Курманбек Бакіеў займаў прэзідэнцкую пасаду з 2005 года. 19 красавіка 2010 года пасля дзяржаўнага перавароту ў Кыргызстане прыехаў у Беларусь па асабістым запрашэнні Аляксандр Лукашэнкі. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, атрымаў беларускае грамадзянства.
Кыргызскія ўлады неаднаразова звярталіся да афіцыйнага Мінска, каб ім выдалі Бакіева, аднак беларускі бок заўсёды адказваў адмовай.