Бішкек вядзе перамовы з Мінскам наконт вяртання экс-прэзідэнта Бакіева

Курманбек Бакіеў

Курманбек Бакіеў / Беларусь 1

Кыргызстан вядзе з Беларуссю перамовы наконт вяртання экспрэзідэнта краіны Курманбека Бакіева. Пра гэта цяперашні прэзідэнт краіны Садыр Жапараў расказаў у інтэрв'ю "Кабар".

Ён абверг чуткі аб прылёце ў Кыргызстан Максіма Бакіева — сына былога прэзідэнта. Жапараў нагадаў, што Максім і Жаныш Бакіевы былі прысуджаныя да пажыццёвага зняволення. Прысуд набыў законную моц і не падлягае перагляду. "Таму ў іх выдачы было катэгарычна адмоўлена. Бо мы не можам не пасадзіць іх у турму", — патлумачыў кіраўнік Кыргызстана.

А вось наконт Курманбека Бакіева і былога прэм'ера краіны Сапара Ісакава ідуць перамовы. "Нам кажуць: "Калі не пасадзіце, то гатовыя яго перадаць". Аналагічная сітуацыя і з Сапарам Ісакавым — "Калі не пасадзіце, гатовыя перадаць хоць сёння", — падзяліўся падрабязнасцямі Жапараў.

Ён кажа, што Бакіева і Ісакава хочуць дапытаць наконт зніклых бюджэтных сродкаў і падзеяў, па якіх пачатыя крымінальныя справы.

Курманбек Бакіеў быў прэзідэнтам Кыргызстана ў 2005-2010 гадах. Ён атрымаў уладу на хвалі так званай цюльпанавай рэвалюцыі супраць Аскара Акаева. Праз пяць гадоў ён уцёк з краіны падчас чарговага выступу апазіцыі і перабраўся ў Беларусь. Кыргызстан неаднаразова прасіў пра яго выдачу, але кожны раз атрымліваў адмову. Следчыя кажуць, што Бакіеў яшчэ з 2010 года мае беларускае грамадзянства.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.