Барэль: ЕС асуджае зверствы расійскіх вайскоўцаў ва Украіне
Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль адрэагаваў на першыя паведамленні з Ізюма ў Харкаўскай вобласці, дзе ўскрываюць масавыя пахаванні ахвяр часоў расійскай акупацыі — мірных жыхароў і ўкраінскіх вайскоўцаў. У заяве адзначаецца, што ў Бруселі "глыбока шакаваныя". ЕС асуджае зверствы расійскіх вайскоўцаў ва Украіне.
"Агрэсіўная вайна Расіі супраць Украіны пакідае крывавы след і разбурэнні па ўсёй Украіне, — піша Барэль. — ...Расія, яе палітычнае кіраўніцтва і ўсе тыя, хто мае дачыненне да бягучых парушэнняў міжнароднага права і міжнароднага гуманітарнага права ва Украіне, будуць прыцягнутыя да адказнасці. ЕС падтрымлівае ўсе намаганні ў гэтым напрамку".
У пятніцу прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі апублікаваў здымкі з эксгумацыі масавага пахавання ў Ізюме (больш за 400 чалавек). У чарговы раз ён заклікае прызнаць Расію дзяржавай-тэрарыстам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.