БАТЭ перамог "Алашкерт" і выйшаў у 3-ці раўнд кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў
Барысаўскі БАТЭ выйшаў у 3-ці раўнд кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў. 18 ліпеня чэмпіён Беларусі ў гасцях ўпэўнена перамог армянскі "Алашкерт" і паспрачаецца за выхад у плэй-оф з чэмпіёнам Чэхіі — пражскай "Славіяй".
"Алашкерт" пачаў сустрэчу вельмі актыўна — за першыя 10 хвілінаў армяне зрабілі больш удараў па варотах Шчарбіцкага, чым за ўсю гульню ў Барысаве. На 18-й хвіліне чэмпіён Арменіі выйшаў наперад — беларускія абаронцы праваронілі пас на Ураша Нянадавіча, які выйшаў сам-насам са Шчарбіцкім і не згубіў свой шанец.
Аднак далей БАТЭ нібыта супакоіўся. Беларусы пачалі дзейнічаць больш канструктыўна, і яшчэ да перапынку Міхаіл Гардзяйчук двойчы засмуціў брамніка "Алашкерта" Бегларана. І гэта нягледзячы на тое, што Аляксандр Ермаковіч быў вымушаны замяніць траўмаваных Рыаса і Мілунавіча!
У другім тайме барысаўчане гулялі "па ліку", які іх абсалютна задавольваў. А на 78-й хвіліне Валадзько, які выйшаў на замену, паставіў у гульні кропку прыгожым ударам з лініі штрафной. Выніковы лік гульні — 1:3 на карысць БАТЭ.
Матч "Алашкерт" — БАТЭ не паказвалі па беларускім тэлебачанні. Перамовы ішлі да апошніх гадзінаў, але спартовы тэлеканал "Беларусь 5" так і не набыў правы на трансляцыю, бо армяне папрасілі за іх 50 тысяч долараў.