Беларусь хоча папрасіць у МВФ новы крэдыт праз два гады
Беларусь хоча аднавіць перамовы з Міжнародным валютным фондам наконт новага крэдыту. Пра гэта паведаміў REUTERS міністр фінансаў Максім Ермаловіч. Ён нагадаў, што год таму перамовы наконт крэдытнай праграмы былі спыненыя, бо тады беларускія ўлады не пагадзіліся з патрабаваннем МВФ павысіць тарыфы на камунальныя паслугі для насельніцтва і выканаць усе астатнія рэкамендацыі фонду.
Цяпер міністр фінансаў кажа, што перспектыва новай праграмы ёсць і да гэтага пытання трэба вярнуцца ў 2020 годзе. На думку Ермаловіча, правядзенне структурных ператварэнняў у эканоміцы па выніках пяцігодкі, якая акурат завяршыцца ў 2020 годзе, дазваляюць разлічваць на поспех у перамовах.
У 2009-2010 гадах МВФ выдаў Беларусі крэдыт на 3,5 мільярда долараў. Налета абавязанні краіны па валютных выплатах складуць 3,7 мільярда, з якіх 2,5 мільярда — выдаткі на пагашэнне, 1,2 мільярда — выдаткі на абслугоўванне пазыкі.