Беларусь — у фінале "Еўрабачання"! (відэа)
Разам з беларусам Тэа 10 траўня на сцэну выйдуць трансвестыт Канчыта Вурст, сэксапільныя полькі Donatan & Cleo і магчымы нарвежскі "Рыбак" Карл Эспен.
У Капенгагене вызначаныя фіналісты "Еўрабачання-2014". Беларускі спявак Тэа (Юрый Вашчук), які прадставіў на конкурсе песню "Cheesecakе", выйшаў у фінал, які адбудзецца ў суботу, 10 траўня.
У другім паўфінале ўзялі удзел артысты з 15 краін. Апроч Тэа, запаветную 10-ку склалі скандальна вядомы аўстрыйскі трансвестыт Канчыта Вурст, польскі дзявочы ансамбль Donatan & Cleo, мальтыйскі фолк-гурт Firelight, нарвежац Карл Эспен, швейцарскі спявак Sebalter, грэкі Riskykidd і Freaky Fortune, Цінкара Ковач са Славеніі, румыны Паўла Селінг і Ові, фіны Softengine.
Нагадаем, першы паўфінал "Еўрабачання" прайшоў у аўторак. У дзясятку лепшых патрапілі прадстаўнікі Украіны, Венгрыі, Чарнагорыі, Арменіі, Азербайджана, Сан-Марына, Швецыі, Нідэрландаў, Ісландыі і Расіі.
Другі паўфінал конкурсу падаўся мацнейшым за першы. Выступ скандальна вядомай аўстрыйкі Канчыты Вурст не стаўся чаканай сенсацыяй. Затое парадваў камбэк на конкурс Польшчы ў асобах сэксапільных дзяўчын у какошніках Donatan & Cleo з песняй "Мы славянкі". Выступ беларускага спевака глядзеўся ўпэўнена на фоне астатніх канкурсантаў.
У фінале Тэа выступіць пад другім нумарам. Больш падрабязна пра вынікі лёсавання гл. тут.
Фота — БЕЛТА