Беларусам дазволілі прыватызаваць жыллё па кошце незалежнай ацэнкі

Беларусам дазволілі прыватызаваць жыллё па кошце незалежнай ацэнкі

25 студзеня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ №25 "Аб унясенні змяненняў ва ўказы прэзідэнта Рэспублікі Беларусь". Гэты ўказ удакладняе працэдуру прыватызацыі жылых памяшканняў дзяржаўнага жылфонду, інфармуе БЕЛТА.

1 ліпеня 2016 года ў Беларусі заканчваецца тэрмін прыватызацыі жылля. Усё жытло, якое не прыватызуюць да таго часу, пяройдзе ў статус арандаванага. Дарэчы, зараз у нашай краіне не прыватызаваным застаецца каля 8% жылога фонду — як кватэраў, так і дамоў.

Асноўная прычына, па якой жыллё не прыватызавалі, — завышаны кошт прыватызацыі. Гэты кошт залежыць ад кошту будаўніцтва будынка ў папярэднія гады. Калі па дакументах у 1990-х дом выйшаў каласальна дарагім, то і прыватызацыя кватэры ў ім ацэньваецца таксама высока, адзначае tut.by. Часам бывае, што па дзяржаўных дакументах жытло каштуе паўмільярда, а рынкавы кошт яго — удвая ніжэйшы.

Цяпер грамадзяне могуць самі звярнуцца ў арганізацыю, якая вядзе ацэначную дзейнасць, каб за свой кошт зрабіць незалежную ацэнку рынкавага кошту жытла. Калі рынкавы кошт жытла будзе ніжэйшым за вызначаны дзяржавай, гаспадарам дазволяць прыватызацыю за рынкавы кошт.

Акрамя таго, кошт незалежнай ацэнкі пры яе дакументальным пацвярджэнні будзе ўлічвацца пры аплаце за прыватызацыю жытла. Акрамя таго, пры правядзенні незалежнай ацэнкі крайні тэрмін прыватызацыі будзе працягнуты на адзін месяц (да двух месяцаў).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі