Беларуска-расійскія перамовы па нафце працягнуцца на наступным тыдні
Беларуска-расійскія перамовы па нафце працягнуцца на наступным тыдні. Пакуль яны не даюць пазітыўнага для Мінска выніку, інфармуе TUT.by.
16 студзеня ў Маскве прайшла сустрэча беларускага віцэ-прэм'ера Ігара Ляшэнкі і выконваючага абавязкі віцэ-прэм'ера РФ Дзмітрыя Козака. Анансавалася, што яны абмяркоўваюць пытанні "узаемадзеяння ў нафтавай сферы", паведамляе ТАСС. Аднак па іх выніках афіцыйных заяў не было.
Як вядома, Беларусь не мае дамовы на пастаўкі расійскай нафты ў 2020 годзе. З-за гэтага з 1 студзеня яны спыніліся. Пакуль перамовы працягваюцца, Аляксандр Лукашэнка даручыў шукаць варыянты альтэрнатыўных паставак нафты і яны прапрацоўваюцца. Таксама здзяйсняюцца разавыя пастаўкі з Расіі.
Пра што не могуць дамовіцца Мінск і Масква? Улады Беларусі лічаць эканамічна немэтазгодным і бессэнсоўным плаціць расійскім нафтавым кампаніям маржу ў ранейшых аб'ёмах. Пра гэта нядаўна гаварыў беларускі першы віцэ-прэм'ер Дзмітрый Крутой. Паводле яго слоў, расійскі бок пакуль не хоча саступаць у гэтым пытанні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.