Reuters: Беларусь не знойдзе замену расійскай нафце па аналагічных коштах
Улады Беларусі паведамілі, што разглядаюць некалькі варыянтаў для паставак нафты, альтэрнатыўных расійскім. Аднак спецыялісты агенцтва Reuters падлічылі, што кожны з іх будзе для Беларусі істотна даражэйшым за пастаўкі з Расіі.
Як паведамлялася раней, з 1 студзеня Расія прыпыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, бо дзве дзяржавы не дамовіліся пра ўмовы паставак. Беларусь звярнулася ў пошуках нафты ў Казахстан і Азербайджан. Пра гатоўнасць сваіх портаў для перавалкі нафты, пастаўленых марскім шляхам, заявілі Літва і Латвія.
Беларусь не плаціла мытную пошліну на пастаўкі расійскай нафты. Цана паставак нафты ў Беларусь вызначалася па формуле, якая дзейнічала без зменаў з 2012 года і дазваляла пастаўшчыкам і пакупнікам дзяліць паміж сабой зэканомленую пошліну. Так, у снежні 2019 года, паводле разлікаў Reuters, кошт нафты Urals з пастаўкай на НПЗ Беларусі была прыкладна на 65 долараў за тону ніжэйшая, чым цана на базісе FOB Прыморск.
Калі Расія пачала падатковы манеўр у нафтавай сферы, Беларусь стала губляць выгаду ад паставак нафты. Па падліках экспертаў Reuters, да 2024 года, калі падатковы манеўр завершыцца, кошт нафты Urals для беларускіх заводаў стане вышэй за цану Urals на базісе FOB Прыморск на 16-17 долараў за тону.
Аднак марскія пастаўкі нафты Urals для беларускіх НПЗ не будуць таннейшымі за расіскія, лічаць трэйдары. Акрамя пошліны беларускім пакупнікам давядзецца дадаткова плаціць за дастаўку сыравіны з Прыморска або Усць-Лугі ў прыбалтыйскія парты, яго перавалку і пастаўку на заводы чыгуначным транспартам.
Да таго ж, Казахстан і Азербайджан прадаюць свае гатункі нафты даражэй за расійскую Urals.
Напрыклад, азербайджанскі гатунак Azeri Light цяпер прадаецца з прэміяй вышэй як 3 долары за барэль да датаванага эталону. Расійскі гатунак CPC Blend з адгрузкай з порта Паўднёвая Азярэеўка прапануецца са зніжкай каля 1 долара за барэль на базісе CIF Аўгуста. А зніжка на Urals складае каля 1,5 долара за барэль да эталона.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.