З'явіліся новыя даныя пра колькасць айцішнікаў, якія з'ехалі з Беларусі
Масавы выезд айцішнікаў за мяжу адбыўся з-за рэпрэсій і санкцый
З'явіліся новыя даныя пра колькасць айцішнікаў, якія з'ехалі з Беларусі. "Кіберпартызаны" пішуць, што ў 2021-2024 гадах ІТ-рынак нашай краіны пакінулі больш за 15 тысяч чалавек. У гэты ж перыяд больш за 18500 супрацоўнікаў перасталі працаваць у кампаніях ПВТ. "Кіберпартызаны" спасылаюцца на статыстыку "з сістэм дзяржаўных ведамстваў, якія працуюць пры рэжыме Лукашэнкі".
Дагэтуль былі толькі прыблізныя лічбы. Напрыклад, летам 2022-га меркавалася, што пасля выбараў 2020 года з Беларусі маглі з'ехаць ад 16 да 23 тысяч айцішнікаў.
У канцы мінулага года міністр адукацыі Андрэй Іванец заявіў, што ВНУ Беларусі выпускаюць зашмат айцішнікаў. На яго думку, у цяперашняй эканоміцы іх патрэбна ўдвая менш.
Восенню Мінэканомікі знайшло пазітыўныя тэндэнцыі ў ІТ-сферы Беларусі, якую даводзіцца "аднаўляць" пасля масавага выезду айцішнікаў за мяжу з-за рэпрэсій і санкцый. Было заяўлена пра "невялікі рост". Гаворкі пра тое, што айцішнікаў зашмат, не было.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.