ВНУ Беларусі выпускаюць зашмат айцішнікаў — міністр адукацыі

Чыноўнікі ад адукацыі ўбачылі "пэўны дысбаланс"

Чыноўнікі ад адукацыі ўбачылі "пэўны дысбаланс" / pixabay.com

ВНУ Беларусі выпускаюць зашмат айцішнікаў. У цяперашняй эканоміцы іх патрэбна ўдвая менш, лічыць міністр адукацыі Андрэй Іванец. "Мы бачым пэўны дысбаланс па такіх напрамках, як інфармацыйныя тэхналогіі", — цытуе яго словы "Спутнік". Кожны інжынер павінен быць фактычна IT-спецыялістам, але па сваім прыкладным профілі, кажа міністр.

Гэтай восенню Мінэканомікі знайшло пазітыўныя тэндэнцыі ў ІТ-сферы Беларусі, якую даводзіцца "аднаўляць" пасля масавага выезду айцішнікаў за мяжу з-за рэпрэсій і санкцый. Было заяўлена пра "невялікі рост". Гаворкі пра тое, што айцішнікаў зашмат, не было.

17 снежня ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце праходзіць нарада, прысвечаная пытанню якасці падрыхтоўкі інжынерных кадраў. У ёй удзельнічае прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка. Паводле яго слоў, пасля ВНУ на прадпрыемствы прыходзяць "сырыя" спецыялісты і іх "даводзіцца давучваць і перавучваць". Прэм'ер прызнае, што "ніводная ВНУ не заменіць рэальную вытворчасць". Тым не менш, ад адукацыі чакаюць зменаў. "Аператыўнае засваенне новых тэхналогій немагчыма без падрыхтаваных матываваных спецыялістаў", — сказаў Галоўчанка.

Іванец заявіў, што сістэма адукацыі "павінна дакладна рэагаваць на патрэбы рынку працы ў інжынерных кадрах". Іх у краіне не хапае і рыхтуецца замала, прызнаў прэм'ер.

Міністэрства адукацыі, эканомікі, працы і сацыяльнай абароны збіраюцца падрыхтаваць "перспектыўны прагноз кадраў" на 4-5 гадоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі