Валерый Цапкала падаў у суд на Raiffeisen
Raiffeisen Bank
Валерый Цапкала падаў у суд на Raiffeisen. Палітык хоча даказаць датычнасць банкаўскай групы, у якую да нядаўняга часу ўваходзіў беларускі "Прыёрбанк", да канфіскацыі актываў і каштоўнасцяў беларускіх актывістаў. Іск пададзены ў Грамадзянскі суд Вены.
Цапкала патрабуе стварыць адмысловы “Фонд падтрымкі ахвяр парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі і вайны ва Украіне” за кошт прыбытку, які банкаўская група атрымала ў Беларусі і Расіі. "Гэтае патрабаванне заснавана на гістарычных прэцэдэнтах, калі нямецкія карпарацыі выплачвалі кампенсацыі за прымусовую працу ў гады Другой сусветнай вайны, а швейцарскія банкі прымусілі кампенсаваць шкоду сем'ям ахвяр Халакосту", — тлумачыць палітык.
Валерый Цапкала — былы дыпламат і экс-кіраўнік Парку высокіх тэхналогій. У 2020-м спрабаваў паўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі ў якасці кандыдата, але яго не зарэгістравалі. Пад пагрозай рэпрэсій з'ехаў з сям'ёй за мяжу. Вясной 2023-га ў РБ завочна асуджаны на 17 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. На яго маёмасць накладзены арышт. Трохпакаёвую кватэру Цапкалаў у Мінску прадалі ў красавіку 2024-га з другой спробы. Цяпер спрабуюць прадаць дом.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.