Валерыю Цапкалу завочна прысудзілі 17 гадоў
Валерый Цапкала / Еўрарадыё
Валерыя Цапкалу завочна асудзілі на 17 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Такі вырак вынес яму Мінскі абласны суд 7 красавіка.
Таксама суд прызначыў яму штраф у 37 тысяч рублёў (1000 базавых велічыняў) і пазбавіў права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, на 5 гадоў.
У даход дзяржавы збіраюцца спагнаць 2 млн 433 тысяч рублёў "даходу, здабытага злачынным шляхам". Накладзены арышт на маёмасць.
Цапкалу судзілі завочна, бо ён разам з сям'ёй пакінуў Беларусь улетку 2020 года. Пракурор прасіў прызначыць апазіцыйнаму палітыку 19 гадоў пазбаўлення волі.
Цапкалу вінавацілі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса — ад "атрымання хабару ў асабліва буйным памеры" да "абразы Лукашэнкі" і "дыскрэдытацыі РБ".
Цапкала — былы дыпламат і экс-кіраўнік Парка высокіх тэхналогій. У 2020-м ён выставіў сваю кандыдатуру на прэзідэнцкія выбары. Але Цэнтрвыбаркам забракаваў вялікую колькасць сабраных за яго подпісаў і не зарэгістраваў кандыдатам у прэзідэнты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.