"Прысуд" Цапкалу агучаць 7 красавіка, пракурор просіць для яго 19 гадоў
Валерый Цапкала / Еўрарадыё
"Прысуд" апазіцыйнаму палітыку Валерыю Цапкалу агучаць 7 красавіка, пракурор просіць для яго 19 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго судзяць завочна "ў парадку спецыяльнай вытворчасці", паколькі Цапкала з 2020 года з сям'ёй жыве за мяжой.
Крымінальную справу разглядае Мінскі абласны суд. Валерыя Цапкалу абвінавачваюць у шматлікіх "злачынствах": ад "атрымання хабару ў асабліва буйным памеры" да "абразы Лукашэнкі" і "дыскрэдытацыі РБ". Дзяржаўны абвінаваўца просіць суд таксама аштрафаваць палітыка на 37 тысяч рублёў і спагнаць вялізную суму — больш за 730 тысяч еўра, 13 тысяч долараў і 15 тысяч рублёў (сцвярджаецца, што грошы "здабытыя злачынным шляхам"). А яшчэ ёсць іскі ад Парку высокіх тэхналогій і нейкіх "пацярпелых" — 6880 рублёў і каля 20 тысяч рублёў адпаведна. Грошы збіраюцца спагнаць за кошт маёмасці ў Беларусі.
Цапкала — былы кіраўнік ПВТ. У 2020-м ён выстаўляў сваю кандыдатуру на прэзідэнцкія выбары, аднак Цэнтрвыбаркам забракаваў вялікую колькасць сабраных за яго подпісаў і не зарэгістраваў кандыдатам у прэзідэнты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.