Генпракуратура перадала ў суд крымінальную справу на Валерыя Цапкалу
Валерый Цапкала / Еўрарадыё
Генеральная пракуратура накіравала ў суд крымінальную справу Валерыя Цапкалы.
Як паведамляе прэс-служба ведамства, яго вінавацяць у наступных злачынствах:
атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры;
злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі з карыслівай і асабістай зацікаўленасці, што пацягнула прычыненне шкоды ў буйным памеры, істотнай шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам;
заведама ілжывы данос аб здзяйсненні злачынства;
публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, акту тэрарызму, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь;
стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім;
фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці;
паклёп і публічная абраза Аляксандра Лукашэнкі;
дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь.
Следства па справе праводзілася завочна — у рамках "спецыяльнай вытворчасці". Завочна ж яго вырашана ўзяць пад варту.
Акрамя ўсяго адміністрацыя Парку высокіх тэхналогій выставіла Цапкалу (які раней быў дырэктарам ПВТ) пазоў на кампенсацыю маёмаснай шкоды на суму больш як 6 тысяч рублёў.
У 2020-м Цапкала выстаўляў сваю кандыдатуру на прэзідэнцкія выбары. Аднак Цэнтрвыбаркам забракаваў вялікую колькасць сабраных за яго подпісаў і не зарэгістраваў яго кандыдатам у прэзідэнты. З лета 2020 года Цапкала разам з сям'ёй знаходзіцца за межамі Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.