У Польшчы затрымалі меркаванага забойцу Сямёна Скрапецкага
Паліцыя затрымала мужчыну, падазраванага ў забойстве Сямёна Скрапецкага / lubelska.policja.gov.pl
Зранку 18 чэрвеня пад Варшавай паліцыя затрымала мужчыну, якога падазраюць у забойстве мастака-карыкатурыста Сямёна Скрапецкага ў Бялай-Падляскай.
Як паведамляе люблінская паліцыя, якая расследуе справу, затрыманы мужчына меў пашпарт, выдадзены на імя 36-гадовага грамадзяніна Грузіі.
Забойства 44-гадовага грамадзяніна Расіі адбылося ў панядзелак, 15 чэрвеня. Невядомы пяць разоў стрэліў у ахвяру з блізкай адлегласці.
Пазней стала вядома што забіты — антыпуцінскі карыкатурыст Сямён Скрапецкі, які пакінуў РФ з палітычных прычынаў. У сваіх творах ён высмейваў кіраўніцтва Расіі і Беларусі. Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск выказаў упэўненасць, што забойства адбылося з палітычных матываў.
Пасля забойства Сямёна Скрапецкага ў Бялай-Падляскай былі затрыманыя два беларусы. Аднак на наступны дзень паліцыя іх адпусціла, бо яны не мелі дачынення да злачынства.