Беларусаў, затрыманых па справе аб забойстве Сямёна Скрапецкага, адпусцілі

Польская паліцыя на месцы злачынства

Польская паліцыя на месцы злачынства / PAP

Двух грамадзян Беларусі, затрыманых па справе аб забойстве расійскага карыкатурыста Сямёна Скрапецкага, адпусцілі на волю. Следчыя не знайшлі доказаў іх датычнасці да злачынства.

"У выніку праведзеных мерапрыемстваў  гіпотэза аб іх сувязі з забойствам у Бялай-Падляскай не пацвердзілася,  таму пасля допыту іх у якасці сведак пракурор вырашыў вызваліць іх",прыводзіць interia.pl словы прэс-сакратара акруговай пракуратуры ў Любліне Марціна Козака.

Як паведамлялася раней, 15 траўня ў Бялай-Падляскай невядомы забіў 44-гадовага расійскага карыкатурыста, які працаваў пад псеўданімам "Сямён Скрапецкі". Мастак быў вядомы антыпуцінскімі настроямі, у сваіх творах высмейваў кіраўнікоў Расіі і Беларусі. У яго зрабілі пяць стрэлаў з блізкай адлегласці, прычым два з іх — пасля таго, як мужчына зваліўся на зямлю.

Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск заявіў, што смерць Сямёна Скрапецкага магла быць палітычна матываванай, але для пацвярджэння гэтай версіі трэба будзе пачакаць доказаў. Кіраўнік польскага ўрада паведаміў, што і паліцыя, і Агенцтва ўнутранай бяспекі прапаноўвалі расіяніну абарону, але ён з невядомых прычынаў адмовіўся.

У СМІ паведамляецца, што ў Сямёна Скрапецкага засталіся пяць дзяцей і жонка цяпер цяжарная шостым.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.