Іспыты для лекараў з дыпломамі з-за межаў ЕС здаў у Польшчы толькі кожны трэці беларус
Доктар, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У Польшчы 92 дактары з Беларусі здавалі іспыт для пацвярджэння кваліфікацыі. Такі экзамен павінны здаваць медыкі з дыпломамі з краін, якія не ўваходзяць у Еўрасаюз, калі хочуць працаваць у польскай сістэме аховы здароўя.
Здалі іспыт толькі 28 чалавек, піша выданне MOST, або толькі 31,5%.
Дарэчы, для беларусаў гэта вельмі неблагі вынік. Напрыклад, з 89 украінцаў змаглі здаць іспыт толькі 12 лекараў. Сярод палякаў, якія атрымалі медыцынскі дыплом па-за межамі ЕС, іспыт здавалі 28 чалавек, прычым паспяхова атрымалася толькі ў дваіх. А з чатырох грамадзян Расіі паспяхова не здаў ніхто.
На іспыце даюцца 200 тэставых пытанняў з адным правільным адказам. Здадзеным іспыт лічыцца, калі правільныя адказы на пытанні складаюць не менш за 60%.
Іспыт пачалі праводзіць з 2021 года. Грамадзяне Беларусі падаваліся на яго 1925 разоў, але паспяховымі былі толькі 280 спробаў (14,5%).