Двух беларусаў затрымалі па справе аб забойстве карыкатурыста Сямёна Скрапецкага
Месца злачынства / bialanews.pl
Па справе аб забойстве расійскага карыкатурыста Сямёна Скрапецкага затрымалі двух грамадзян Беларусі. Пра гэта паведамілі на прэс-канферэнцыі 16 чэрвеня прадстаўнікі польскай пракуратуры.
Як перадае bialanews.pl, іх затрымалі каля консульства Беларусі ў Бялай-Падляскай. Абвінавачванні пакуль што ім не выставілі — следчыя правяраюць іх магчымую сувязь са справай.
Забойца, як паведамляецца, усё яшчэ застаецца на волі. Аднак паліцыя сцвярджае, што ў жыхароў горада няма прычын для панікі.
Як паведамлялася раней, 15 чэрвеня на вуліцы ў Бялай-Падляскай некалькімі стрэламі забілі 44-гадовага грамадзяніна Расіі, мастака, які працаваў пад псеўданімам "Сямён Скрапецкі". Ён быў вядомы сваімі карыкатурамі на Уладзіміра Пуціна, Рамзана Кадырава, Аляксандра Лукашэнку ды іншых палітыкаў. Пры гэтым даныя Сямёна Скрапецкага з'явіліся і на ўкраінскім сайце "Міратворац": там сцвярджаецца, што пасля 2023 года ён нібыта агучваў наратывы крамлёўскай прапаганды.
Па версіі следства, да яго падышоў невядомы мужчына і тры разы стрэліў з пісталета. Калі мастак зваліўся на зямлю, нападнік падышоў бліжэй і зрабіў яшчэ два стрэлы з блізкай адлегласці.