"Гэта ўкраінскі беспілотнік" — Лукашэнка пракаментаваў атаку дрона на аўтобус
Аляксандр Лукашэнка / БЕЛТА
Лукашэнка амаль праз суткі пракаментаваў атаку на аўтобус з беларускімі дзецьмі ў Расіі. Ён заявіў, што беспілотнік быў украінскім.
"Мы не спяшаемся рабіць нейкія высновы, але мы дакладна канстатуем факт, што гэта беспілотнік украінскага паходжання. Гэта ўкраінскі беспілотнік", — прыводзіць ягоныя словы дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА.
Раней Генштаб УСУ заявіў, што не праводзіў аперацыі ў названы час у Бранскай вобласці. Лукашэнка словам украінцаў не верыць і так аргументуе сваю думку: "Яны кажуць, што ў гэты час не наносіліся ўдары па Бранскай вобласці. Але той жа кіроўца аўтобуса кажа, што ён асабіста (напэўна, як і іншыя, — следства пакажа) бачыў не адзін дрон, а некалькі, якія, як ён кажа, гулі і лёталі над аўтобусам".
Разам з тым ён дадў, што ёсць шмат "канспіралагічных версій".
Аўтобус з беларускімі дзецьмі-футбалістамі з Рэчыцы быў атакаваны зранку 17 чэрвеня ў Бранскай вобласці. Загінула Юлія Гарошка — жонка аднаго з трэнераў. Траўмы атрымалі, як паведамлялася восем чалавек, у тым ліку шасцёра дзяцей. Два чалавекі (дзіця і дарослы) былі шпіталізаваныя ў цяжкім стане.