“Захаваць памяць”. Беларуска змагаецца, каб замежнікам маглі даваць званне “Герой Украіны”

Аляксей Лазараў і Вераніка Яновіч

Аляксей Лазараў і Вераніка Яновіч / Euroradio

Да канца ліпеня трывае збор подпісаў пад петыцыяй да прэзідэнта Украіны з заклікам змяніць законы, каб замежным добраахвотнікам маглі даваць званне “Героя Украіны”.

Ініцыятаркай цяперашняга звароту стала беларуска ва Украіне, былая добраахвотніца Вераніка Яновіч. Яна — удава загінулага напрыканцы студзеня 2026 года беларускага добраахвотніка Аляксея Лазарава. Ён быў інжынерам-праграмістам і актывістам, у 2019 годзе ўдзельнічаў у парламенцкіх выбарах у Беларусі. Пара ў 2021 годзе была вымушана пакінуць Беларусь: спачатку яны накіраваліся ў Грузію, а пасля ва Украіну. З пачаткам поўнамаштабнай вайны абое ўступілі ў Полк Каліноўскага, у сакавіку таго ж года пажаніліся. 

— Гэта дазволіць захаваць памяць пра герояў, якія не былі абавязаны ваяваць за Украіну, але аддалі за яе дзеля справы сваё жыццё, здароўе і сваю будучыню, — кажа Еўрарадыё Вераніка.

Ідэя, за якую змагаецца Вераніка, не першы раз гучыць у грамадстве. Яшчэ ў 2022 годзе ўкраінскім дэпутатам Вярхоўнай Рады Аляксеем Ганчарэнкам быў прапанаваны праект закона аб унясенні змяненняў у закон “Аб дзяржаўных узнагародах Украіны” адносна прысваення звання Героя Украіны асобам, якія не з’яўляюцца грамадзянамі Украіны. Ён быў уключаны ў парадак дня, але да гэтага часу ніякага рашэння па ім не было вынесена. 

Вераніка лічыць, што гэты закон быў бы карысным не толькі для замежнікаў, але і саміх украінцаў. 

— І ва Украіне, і ў Беларусі шмат фактаў з гісторыі не захавалася праз уплыў савецкай сістэмы. Мы можам зараз, у моманце, захаваць максімум інфармацыі пра людзей, якія змагаліся за нас і чые гісторыі павінны натхняць наступныя пакаленні.

Беларуска кажа, што часта прыходзіцца тлумачыць: прыняцце папраўкі не азначала бы наўпрост, што ўзнагарода будзе давацца кожнаму замежніку.

“Захаваць памяць”. Беларуска змагаецца, каб замежнікам маглі даваць званне “Герой Украіны”
Вераніка і Аляксей падчас шлюбу, сакавік 2022 / Асабісты архіў гераіні

— Гэта самая высокая ўзнагарода, за выбітныя ўчынкі. Мы просім менавіта выправіць несправядлівасць у сістэме, каб умовы ўзнагароджання былі роўнымі для ўкраінцаў і замежнікаў.

“Выправіць несправядлівасць”

Вераніка кажа, што за час існавання петыцыі самай папулярнай рэакцыяй на яе сярод украінцаў было здзіўленне пра існаванне такіх абмежаванняў. 

— Гэта нармальна, бо звычайныя людзі рэдка ведаюць усе юрыдычныя нюансы датычна іншаземцаў у нашых краінах. Большасць людзей, калі даведваюцца, выказваюць падтрымку і салідарнасць, падпісваюць петыцыю і дапамагаюць яе распаўсюджваць.

Асаблівага негатыву я не сустракала. Бачыла некаторыя меркаванні, што такія званні — гэта “савецкі рудымент”, якога няма ў іншых краінах, але такіх людзей меншасць. Большасць проста здзіўляецца, што праблема да гэтага часу не вырашана.

“Герой Украіны” — гэта самая высокая дзяржаўная адзнака ў краіне, якая была заснавана ў 1998 годзе. Яна ўручаецца толькі грамадзянам Украіны (у адрозненне ад іншых вайсковых узнагарод), аднак у 2017 годзе, пасля прыняцця папраўкі Вярхоўнай Радай, у выглядзе выключэння першым (і пакуль адзіным) іншаземцам, які пасмертна атрымаў гэтую ўзнагароду, стаў беларус Міхаіл Жызнеўскі, які ўдзельнічаў у Рэвалюцыі Годнасці і быў адзначаны ордэнам Герояў Нябеснай Сотні.

“Захаваць памяць”. Беларуска змагаецца, каб замежнікам маглі даваць званне “Герой Украіны”
Аляксей і Вераніка / Асабісты архіў гераіні

Сама Яновіч днямі ў сацсетках падала яшчэ адну лічбу: 1 702 замежныя добраахвотнікі загінулі, абараняючы Украіну з 2022 года (даныя з Вікіпедыі, афіцыйнага пацвярджэння няма). 

“Не здраджваць тым, хто ўжо загінуў, аддаўшы самае каштоўнае”

Ідэя стварыць петыцыю з’явілася пасля гібелі Аляксея. Вераніка ўзгадвае, што пасля гэтага шмат камунікавала з яго пабрацімамі і камандзірам. Апошні акурат і прапанаваў скласці дакументы на найвышэйшую ўзнагароду, бо лічыў Лазарава годным гэтага. Але пасля размоў з юрыстамі аказалася, што гэта немагчыма. 

— Я падумала, як бы Лёша адрэагаваў на гэта, і зразумела, што ён бы хацеў справядлівасці не толькі для сябе, але і для іншых. Гэта ніколі не было яго мэтай, але думаю, што яму было б прыемна атрымаць адзнаку. 

Я думала доўга і чытала шмат пра культуру памяці, і падумала, што ўшанаваць зараз Лёшу я магу так — выправіць гэты момант і зрабіць магчымым для іншаземных добраахвотнікаў атрымліваць гэтае званне. 

Гэты боль лягчэй знесці, калі нясеш Лёшын дух. І трэба за гэтае жыццё зрабіць нешта добрае, бо колькі яго засталося. 

Вераніка вядзе кампанію па зборы подпісаў у сваіх сацсетках. Беларуска распавяла, што на адзін з апошніх пастоў адрэагаваў нават дарадца з Офіса прэзідэнта Украіны. Калі б была магчымасць паразмаўляць з Уладзімірам Зяленскім, Вераніцы было б у цэлым цікава сустрэцца з ім, але, з іншага боку, цяпер “цяжка падбіраць словы”.

— Бо ўсё, што адбываецца, — гэта вялікі і страшны боль. Які прыходзіць да людзей вельмі раптоўна. 

Лёша пахаваны на полі ганаровых пахаванняў у Львове, і я бачу, як яно расце. Бывае так, што я прыходжу, і там адбываюцца пахаванні. Я бачу боль сям’і, дзяцей. 

Немагчыма забраць чужы боль, але я б хацела, каб яго не стала. Адзіны шлях да гэтага — не спыняць барацьбу, не здраджваць тым, хто ўжо загінуў, аддаўшы самае каштоўнае, і захоўваць веру ў справядлівы канец. Я не ведала, што можа быць так балюча ў жыцці. Я спраўляюся, бо ведаю, што я не адна. 

На момант публікацыі тэксту было сабрана 8 138 подпісаў з 25 000 неабходных.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.