Польшча пачала лічыць Беларусь бяспечнай? Беларусам сталі адмаўляць ва ўцякацтве

Чарга ля ўвахода Упраўлення спраў замежнікаў Варшавы

Чарга ля ўвахода Упраўлення спраў замежнікаў Варшавы / Helena Dziekońska / Raport Warszawski

Польскія ўлады ўсё часцей адмаўляюць беларусам у статусе ўцекача, тлумачачы адмову тым, што пераслед на радзіме ім больш не пагражае.

Еўрарадыё вядомы два выпадкі такога рашэння. Мы пераказваем іх ананімізаваным чынам з дазволу ўладальнікаў дакументаў (арыгіналы рашэнняў ёсць у рэдакцыі), а спецыялістка па паслугах у легалізацыі Вольга Цімкіна пракаментавала, з якімі цяжкасцямі зараз сутыкаюцца беларускія эмігранты. 

 

Адмовілі як у прадастаўленні статусу бежанца, так і ў дадатковай абароне

Як і ў большасці беларусаў, жыццё Івана (імя зменена) змянілася пасля палітычнага крызісу 2020 года. Мужчына ўдзельнічаў у масавых пратэстах пасля прэзідэнцкіх выбараў, а таксама падтрымліваў тых, хто сутыкнуўся з рэпрэсіямі. Ён пералічваў грошы фондам, якія дапамагалі затрыманым і палітычным вязням.

Паводле Івана, пасля сканчэння пратэстаў беларускія сілавікі пачалі праяўляць да яго цікавасць: міліцыя тэлефанавала яго бацькам, спрабуючы высветліць, дзе ён знаходзіцца, а на іх адрас прыйшла позва на допыт. 

Мужчына таксама баяўся, што ўлады маглі ўстанавіць яго асобу па запісах з камер відэаназірання падчас пратэсных акцый або вылічыць яго па грашовых пераводах у падтрымку грамадзянскіх ініцыятыў.

Пачатак поўнамаштабнага ўварвання прынёс новы страх — патэнцыйнай мабілізацыі. Мужчына хваляваўся, што яго могуць прызваць і кінуць на вайну супраць Украіны. Раней Іван праходзіў вайсковую праверку і атрымаў катэгорыю “годны да ваеннай службы”. 

Таму ў снежні 2022 года ён па гуманітарнай візе з’ехаў у Польшчу. Па міжнародную абарону ён звярнуўся не адразу — заяву на атрыманне статусу бежанца ён падаў толькі 9 траўня 2025 года. У сваім звароце ён патлумачыў, што лічыць вяртанне на радзіму небяспечным для сябе.

Польшча пачала лічыць Беларусь бяспечнай? Беларусам сталі адмаўляць ва ўцякацтве
Пратэсты супраць фальсіфікацый падчас прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і гвалту сілавікоў / LookByMedia

Аднак польскія ўлады, разгледзеўшы яго аргументы, прыйшлі да іншай высновы. Упраўленне па справах замежнікаў адмовіла Івану як у прадастаўленні статусу бежанца, так і ў дадатковай абароне. 

У рашэнні адзначана, што яго ўдзел у пратэстах 2020 года не меў публічнага характару, што магло б зрабіць яго прыкметнай фігурай для беларускіх улад. 

Чыноўнікі ўказалі, што Іван не быў арганізатарам пратэстаў, не іграў публічнай ролі і пасля падзей 2020 года не сутыкаўся з затрыманнямі або крымінальным пераследам.

Аргументы пра ахвяраванні на карысць фондаў дапамогі рэпрэсаваным, праз якія сілавікі дагэтуль арыштоўваюць і саджаюць у турмы беларусаў, таксама не былі прызнаны дастатковай падставай для абароны. 

Польскі бок адзначыў, што пераследы ў Беларусі ў асноўным закранулі тых, хто адыгрываў у падзеях заўважную ролю: арганізоўваў зборы сродкаў, кіраваў ініцыятывамі або быў звязаны з іншай апазіцыйнай дзейнасцю. 

На думку ведамства, у выпадку Івана адсутнічалі прыкметы таго, што менавіта яго досвед мог прывесці да рэальнай і індывідуальнай рызыкі крымінальнага пераследу.

Не пераканалі польскія ўлады і довады пра магчымую адпраўку на вайну. У рашэнні падкрэслівалася, што на момант разгляду справы ў Беларусі афіцыйна не была абвешчана мабілізацыя, а беларускае войска непасрэдна не ўдзельнічала ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны. 

Па выніку польскія ўлады прызналі, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца складанай, аднак палічылі, што Іван не даказаў наяўнасці канкрэтнай пагрозы — рызыкі пераследу, катаванняў або іншай сур’ёзнай шкоды, — якая давала б падставы для прадастаўлення статусу ўцекача ці міжнароднай абароны.

 

“На тэрыторыі Беларусі адсутнічае ўнутраны ўзброены канфлікт”

Ілоне (імя зменена) пашанцавала болей, чым Івану. Дзяўчына таксама звярталася па ўцякацтва, аднак у выніку атрымала ад Польшчы статус дадатковай аховы, што, па яе ўласным прызнанні, было не лепшым развіццём падзей. 

“Але маем, што маем”, — адзначыла суразмоўніца.

Польшча пачала лічыць Беларусь бяспечнай? Беларусам сталі адмаўляць ва ўцякацтве
Нацыянальныя сiмвалы Беларусi пад час мірных акцый пратэсту ў Беларусі / LookByMedia

У адрозненне ад Івана, досвед палітычнай актыўнасці Ілоны быў значна большы. Яна ўваходзіла ў ініцыятыўную групу штаба Віктара Бабарыкі і была каардынатаркай незалежных назіральнікаў ад арганізацыі “Сумленныя людзі”, якую пазней беларускія ўлады прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем. Дзяўчыну аднойчы затрымлівалі.

Акрамя таго, дзяўчына працавала мадэратаркай платформы MolaMola, дзе ў той перыяд актыўна збіралі сродкі для дапамогі затрыманым і палітычным зняволеным.

З Беларусі дзяўчына выехала ў кастрычніку 2021 года ў Польшчу, бо баялася новага затрымання, якое магло скончыцца турэмным тэрмінам. 

Нягледзячы на значны актывісцкі досвед, шлях да атрымання афіцыйнага статусу ў Польшчы для Ілоны аказаўся няпростым — дакументы дзяўчына падала ў пачатку 2025 года. 

Паводле ацэнкі польскіх улад, яе дзейнасці было недастаткова для прызнання таго, што ў Беларусі ёй асабіста пагражае палітычны пераслед у разуменні Жэнеўскай канвенцыі.

Польскія чыноўнікі не ўбачылі ў яе выпадку таго ўзроўню палітычнай актыўнасці, які звычайна звязваюць з непасрэднай пагрозай пераследу з боку беларускай дзяржавы. 

Так, у рашэнні адзначаецца, што беларускія ўлады ў першую чаргу пераследуюць лідараў апазіцыі, былых кандыдатаў у прэзідэнты, вядомых актывістаў, незалежных журналістаў і людзей, чыя дзейнасць была шырока вядомая сілавым структурам.

Паводле ацэнкі інспектара Упраўлення па справах замежнікаў, Ілона не была публічным лідарам пратэснага руху, не займала кіроўных пасад у апазіцыйных структурах, не была асуджана і змагла пакінуць Беларусь легальна. Таму яе страх вяртання ў краіну паходжання прызналі недастаткова абгрунтаваным менавіта ў кантэксце пагрозы палітычнага пераследу.

Разам з тым у рашэнні падкрэсліваецца, што Беларусь застаецца краінай з жорсткім дзяржаўным кантролем, дзе ўдзельнікі пратэстаў 2020 года могуць сутыкнуцца з затрыманнямі, допытамі, абвінавачваннямі і пакараннямі. На думку польскіх улад, пасля вяртання Ілона можа зноў трапіць у поле ўвагі сілавых органаў праз свой удзел у паслявыбарчых пратэстах.

Таксама польскае ведамства асобна адзначыла, што “ў цяперашні час на тэрыторыі Беларусі адсутнічае ўнутраны або міжнародны ўзброены канфлікт, які мог бы ўяўляць пагрозу для грамадзянскага насельніцтва”.

Польшча пачала лічыць Беларусь бяспечнай? Беларусам сталі адмаўляць ва ўцякацтве
Беларускі пашпарт / LookByMedia

Гэта азначае, што Польшча не разглядае Беларусь як зону ваеннага канфлікту, дзе грамадзянскаму насельніцтву пагражае масавае насілле празў вайну або ўзброеныя сутыкненні. У краіне няма баявых дзеянняў, фронту або хаатычнага гвалту супраць насельніцтва, характэрнага для дзяржаў, ахопленых вайной.

Аднак адсутнасць вайны не азначае адсутнасць небяспекі. Менавіта таму польскія ўлады прынялі прамежкавае рашэнне: не прызналі Ілону ўцякачкай, але прадаставілі ёй дадатковую абарону.

 

“Маўчанне толькі пагаршае сітуацыю”

З гісторыяй Івана да Еўрарадыё звярнулася менеджарка Вольга Цімкіна, якая аказвае паслугі па пытаннях легалізацыі ў Польшчы.

Па яе словах, яго сітуацыя падобная да той, у якой зараз знаходзяцца шмат іншых беларусаў. 

“Раней такія справы, як правіла, не выклікалі вялікіх праблем, таму гэты выпадак мяне асабліва ўразіў.

Але галоўнай праблемай з’яўляецца не сам факт адмовы, бо Іван мог недастаткова падрабязна апісаць сваю сітуацыю або не прыкласці ўсе неабходныя дакументы. Найбольшую занепакоенасць выклікае аргументацыя ў рашэнні ўлад, дзе сцвярджаецца, што рэпрэсіі ў Беларусі нібыта спыніліся”.

Па меркаванні суразмоўніцы, такая выснова выглядае вельмі небяспечна, бо стварае ўражанне, што беларусы ўжо могуць бяспечна вяртацца ў Беларусь. 

“Людзі проста баяцца распавядаць пра падобныя выпадкі, бо асцерагаюцца як беларускіх улад, так і магчымых наступстваў у Польшчы”.

Вольга лічыць, што польскія органы могуць мець недастаткова поўнае ўяўленне пра рэальную сітуацыю ў Беларусі.

“Асабліва важна ўлічваць, што многія рэпрэсаваныя людзі не трапляюць у афіцыйныя спісы палітвязняў па ўласным жаданні, каб не пагоршыць сваё становішча ў турмах.

Пра гэтыя праблемы неабходна казаць публічна — у беларускіх і польскіх медыя, а таксама на ўзроўні праваабарончых і палітычных арганізацый. Маўчанне толькі пагаршае сітуацыю, бо людзі застаюцца без абароны і не ведаюць, куды звяртацца”, — падкрэсліла суразмоўніца.

Еўрарадыё звярнулася па каментар адносна сітуацыі ў юрыдычную службу Офіса Святланы Ціханоўскай, а таксама ва Упраўленне па справах замежнікаў Варшавы. Калі мы атрымаем адказ, то працягнем гісторыю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.